159 дзён пратэсту. Ператрус у офісе БелаПАН, еўрадэпутаты супраць ЧС па хакеі ў Беларусі


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца 159 дзён. Штодня людзі выказваюць сваю нязгоду з фальсіфікацыямі на выбарах, патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і спыненне гвалту. У адказ рэжым ладзіць рэпрэсіі супраць грамадзянаў. Як прайшоў чарговы дзень пратэстаў – у аглядзе Belsat.eu.

Ціск на журналістаў

Сілавікі зладзілі ператрус у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Журналістка Таццяна Бублікава паведаміла, што людзі ў форме прыйшлі ў рэдакцыю БелаПАН а 12:10.

Ператрус чынілі працаўнікі УБЭП ГУУС Менскага гарвыканкаму паводле справы Андрэя Аляксандрава. Сілавікі ў офісе БелаПАНу забралі цвёрдыя дыскі і папяровыя запісы. Журналістаў не затрымлівалі.

Офіс інфармацыйнай кампаніі БелаПАН пасля ператрусу.
Фота: Белсат
Офіс інфармацыйнай кампаніі БелаПАН пасля ператрусу.
Фота: Белсат
Офіс інфармацыйнай кампаніі БелаПАН пасля ператрусу.
Фота: Белсат

Журналіста Андрэя Аляксандрава затрымалі ў якасці падазраванага паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя ды рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Цяпер ён на Акрэсціна. У 2015–2018 гадах Аляксандраў працаваў намеснікам дырэктара БелаПАНу.

Чарговыя палітвязні

Праваабаронцы прызналі затрыманых сябраў «Прэс-клуба» вязнямі сумлення. Прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў патрабуюць вызвалення Юліі Слуцкай, Алы Шарко, Сяргея Альшэўскага, Пятра Слуцкага, Ксеніі Луцкінай.

Таксама праваабаронцы патрабуюць ад уладаў адмовіцца ад выкарыстання захадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання і свабоду асацыяцыяў ды неадкладна спыніць рэпрэсіі, а таксама вызваліць усіх палітычных вязняў.

Hавiны
Затрыманых у «справе «Прэс-клубу» прызналі палітвязнямі
2021.01.14 13:02

Пад зваротам падпісаліся адзінаццаць арганізацыяў, сярод якіх – ПЦ «Вясна», Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў ды іншыя.

Юлію Слуцкую ды іншых сябраў «Прэс-клубу» вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і спрыянні гэтаму.

«Хроніка пратэстаў»

Валанцёры стварылі праект, прысвечаны хроніцы пратэстаў у нашай краіне. Праект «Кожны дзень» даступны на сайце belarusdaily.org. Адмысловы праект «Кожны дзень» адлюстроўвае падзеі з 9 жніўня 2020 года, з моманту, калі беларусы масава выйшлі на вуліцы на знак пратэсту супраць афіцыйных вынікаў галасавання.

Мірны пратэст пад дажджом на плошчы Незалежнасці. Менск, Беларусь. 19 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

Штрафы за бел-чырвона-белы сцяг павялічаць

Абноўленыя Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях падпісаў Лукашэнка. Плануецца, што яны ўступяць у моц 1 сакавіка.

Афіцыйна Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях яшчэ не апублікаваныя. Раней афіцыйныя крыніцы сцвярджалі, што новы закон накіраваны на тое, каб лібералізаваць пакаранне паводле адміністратыўных правапарушэнняў. Але таксама вядома, што ўзмоцніцца адказнасць за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». 16 жніўня, 2020 году. Mенск, Беларусь.
Фота: АВ/ Vot Tak TV / Белсат

«Пул первого» адзначае, што «за выкарыстанне забароненай сімволікі», напрыклад, за сцяг на гаўбцы будзе штраф да BR 580 для фізічных асобаў, а для юрыдычных – BR 1740.

Не – чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі

Дэпутаты Еўрапарламенту змагаюцца з правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі ў Менску. Гэтым разам Робэрт Бедрань і Пятрас Аўштравічус накіравалі супольную заяву ў Міжнародную федэрацыю хакею.

«Ці хтосьці думае пра чэмпіянат па футболе ў Паўночнай Карэі? Не. А па-мойму, Лукашэнка ўжо падыходзіць да таго статусу», – каментуе сталы дакладчык Еўрапарламенту аб Беларусі Пятрас Аўштравічус.

Hавiны
«Амаль год содняў арышту»: незалежныя медыі Беларусі запісалі відэазварот
2021.01.14 13:59

СК belsat.eu

Стужка навінаў