157 дзень паслявыбарчых пратэстаў. Галоўнае

У нашай краіне з выбараў 9 жніўня мінулага году беларусы штодня ладзяць акцыі салідарнасці і патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі. Сілавікі жорстка затрымліваюць людзей, а судовы канвеер працуе напоўніцу. Як прайшоў гэты 157 дзень пратэстаў – у аглядзе Belsat.eu.

Улады рыхтуюць Усебеларускі народны сход. У сваю чаргу Народнае антыкрызіснае ўпраўленне паведамляе, што дэлегатаў прымушаюць да ўдзелу ў мерапрыемстве, а ўдзельнікаў сходу ўключаць у санкцыйныя спісы.

«Характэрна, што прымушаюць да ўдзелу іх начальнікі, якіх раней саміх прызначылі на ролю дэлегатаў зверху. Цяпер яны ўсвядомілі, чым ім можа пагражаць удзел у т. зв. УНС і спрабуюць падставіць сваіх падначаленых», – паведамляюць у Народным антыкрызісным упраўленні.

НАУ паведамляе, што дэлегатаў прымушаюць да ўдзелу ва Усебеларускім народным сходзе

Ва ўпраўленні адзначаюць, што «згаджацца з падобным «выбраннем» – значыць станавіцца саўдзельнікам злачынства».

«Мы папярэджваем абсалютна ўсіх незаконна абраных дэлегатаў і тых, хто «выбірае» іх, не маючы на гэта права – вашым дзеянням у любым выпадку будзе дадзеная прававая ацэнка. Але пазбегнуць наступстваў можна – для гэтага трэба адмовіцца ад любога ўдзелу ў незаконным сходзе», – заявілі ў НАУ.

Судовы канвеер

Суд Драгічынскага раёну разгледзеў крымінальную справу супраць 16-гадовага Аляксандра Несцерука, якога абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 Крымінальнага кодэксу). Справу разглядаў старшыня суда Лявонцій Станкевіч.

Аляксандр Несцярук у залі суда. Фота spring96.org

Да хлопца ўжылі прымусовыя меры выхаваўчага характару: абмежаванне волі на 6 месяцаў. З 22 гадзінаў вечара да 6 гадзінаў раніцы ён мусіць заставацца па месцы жыхарства і раз на месяц прыходзіць для рэгістрацыі ў орган, які ажыццяўляе кантроль за ягонымі паводзінамі.

Суд аштрафаваў жанчыну 1931 года нараджэння на 870 рублёў

Суд аштрафаваў жанчыну 1931 года нараджэння на 870 рублёў. Валерыю Смірнову затрымалі 14 снежня падчас маршу людзей сталага веку. У выніку судзілі паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Яе затрымалі разам з дачкой, якой 68 гадоў.

Яна вельмі эмацыйна адрэагавала на пакаранне, на ейных вачах з’явіліся слёзы:

«Гэта нейкі жах! Даслалі б адразу прысуд. Я перажыла вайну і голад. За што?»

Валерыя Смірнова. Фота: Белсат

Суд доўжыўся хвілін 15. Суддзя нават не выходзіў у асобны пакой перад тым, як агучыць пастанову. У сераду будуць судзіць дачку жанчыны.

У Беларусі распачаўся першы суд у «справе Ціханоўскага»

У Лагойску судзяць палітвязня, аўтара YouTube-каналу «Слуцк для жизни» Уладзіміра Няронскага. Гэта першы суд у «справе Ціханоўскага».

Палітвязня Уладзіміра Няронскага вінавацяць у арганізацыі «незаконных грамадска-масавых мерапрыемстваў» па ўсёй Беларусі, яму інкрымінуюць ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Акрамя таго аўтара YouTube-каналу «Слуцк для жизни» абвінавачваюць у публічнай абразе старшыні Слуцкага райвыканкаму Андрэя Янчэўскага (арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады»). Справу супраць Уладзіміра Няронскага разглядае старшыня суда Лагойскага раёну Аляксандр Рыбакоў.

Справы журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай перадалі ў суд Фрунзенскага раёну Менску. Пры гэтым сваякам Дар’і і Кацярыны аніхто пра гэта не паведаміў.

«У канцылярыі Фрунзенскага суду заявілі, што цягам тыдня прызначаць дату паседжання. Суддзю яшчэ не вызначылі», – распавёў Ігар Ільяш, муж Кацярыны Андрэевай.

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова. Фота: belsat.eu і архіў гераіні

Старшыню АГП Мікалая Казлова некалькі разоў выклікалі на допыт па справе Каардынацыйнай Рады. Следчыя патрабуюць ад яго падпісаць дакумент аб неразгалошванні. Але палітык адмаўляецца даваць паказанні і падпісваць дакументы. У выніку, падчас допыту 12 студзеня Мікалай Казлоў даведаўся, што адмова даваць падпіску стала прычынай складання пратаколу.

Сяргей Ціханоўскі даслаў ліст

Палітвязень распавёў пра ўмовы свайго ўтрымання ў Жодзінскай турме і пра ўражанні ад сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ.

«Вы нават не можаце сабе ўявіць, на што ён здольны. Ён асабіста камандуе па выходных затрыманнямі на пратэстах. Ён нават праслухоўвае мае размовы з адвакатам у СІЗА, парушаючы адвакацкую таямніцу. Ён тройчы назваў мяне будучым прэзідэнтам і пры гэтым глядзеў на Віктара Бабарыку, каб уплываць на яго і ўнесці раскол. Ён адкрыта сказаў, што палітыка – брудная справа, што, ідучы ў палітыку, вы павінныя былі быць гатовыя, што вам могуць падкінуць грошы, зладзіць правакацыю, як у Горадні, ці пасадзіць у турму. Ён адкрыта сказаў, што ў ягонай волі, сядзець нам ці не. Што тыя, хто будзе «супрацоўнічаць», выйдуць. Сказаў, што двое выйдуць ужо заўтра. Ён сказаў, што хацеў выпусціць мяне пасля выбараў і выкінуць з Святланай за мяжу, але, праслухаўшы маю гутарку з адвакатам у СІЗА, дзе я казаў пра тое, што нельга дараваць і абавязкова трэба прыцягнуць да адказу сям’ю дыктатара, «дэпутатаў» і прыкарытнікаў, ён пасадзіў мяне ў карцар.

Ніякіх перамоваў ён ні з кім весці ніколі не будзе. Улада – гарантыя яго бяспекі. А закона ў краіне няма, ёсць толькі яго воля. І, як ён сказаў, ён будзе абараняць яе ўсімі даступнымі яму сродкамі. І самае смешнае, што так было заўсёды. Але н

Банер у падтрымку незалежных журналістаў

е было так масава, бо не было такіх масавых пратэстаў. Ён не спыніцца ні перад чым, нават не сумнявайцеся», – піша Сяргей Ціханоўскі.

Назло санкцыям інвестклімат адмарожу!

 

СК belsat.eu

 

Hавiны