Знікненне Красоўскага і Ганчара: 14 гадоў безвыніковых «пошукаў»


Мінула 14 гадоў з моманту знікнення апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара і прадпрымальніка Анатоля Красоўскага.

Ганчар, які з самага пачатку быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, дапамог яму прыйсці да ўлады, а затым пайшоў у апазіцыю, і Красоўскі бясследна зніклі 16 верасня 1999 года. Вечарам яны пайшлі ў лазню, размешчаную ў Менску на вуліцы Фабрычная, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна а 22:35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў «Джып-Чэрокі» Красоўскага.

Крымінальную справу паводле факту знікнення Ганчара і Красоўскага распачала пракуратура Менску. Паводле звестак следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі знайшлі аскепкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві.

Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што паходжанне знойдзеных на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень праўдзівасці высноваў аб паходжанні плямаў крыві ад Ганчара складае 99,6 %. Аналіз сабраных у справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчара і Красоўскага гвалтоўна выкралі невядомымі асобы.

Прадстаўнікі апазіцыі, сваякі зніклых і міжнародная грамадскасць мяркуюць, што Ганчара і Красоўскага выкралі паводле палітычных матываў, і падазраюць у дачыненні да гэтага злачынства найвышэйшых службовых асобаў краіны.

Рэальнае расследаванне – пры іншай уладзе

Як паведаміў юрыст Гары Паганяйла, улады па-ранейшаму не зацікаўленыя ў расследаванні гэтай справы. «Не сакрэт, што гэта было не проста знікненне, Ганчар і Красоўскі былі забітыя, – мяркуе Паганяйла. – Непрыняццем належных мераў для расследавання гэтай справы ўлады дэманструюць сваё дачыненне да іх знікнення».

Ён нагадаў, што справу аб знікненні Ганчара і Красоўскага намінальна працягвае расследаваць пракуратура Менску. «Праз год, пасля сканчэння 15 гадоў з моманту знікнення палітыка і бізнесмена, паколькі іхныя целы не знойдзены, гэтая справа юрыдычна можа быць прыпынена. І хаця справа спынена быць не можа, пра яе могуць проста канчаткова забыць».

Рэальнае расследаванне справы, зазначыў ён, можа аднавіцца ў выпадку змены існай улады. «Тады гэта справа атрымае іншую кваліфікацыю – напрыклад, на падставе артыкулу 128 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае выкраданне і знікненне чалавека, звязанае з ягонаю палітычнаю дзейнасцю, як злачынства супраць бяспекі чалавецтва. Такія злачынствы не маюць тэрміну даўніны», – падкрэсліў Паганяйла.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў