Цяжарную сястру памерлага менчука выклікаюць у суд


Затрыманых учора ў Менску ўдзельнікаў акцыі памяці 21-гадовага мінчаніна Ігара Пцічкіна чакае судовы разбор.

Сястра памерлага Ірына Мірановіч-Пцічкіна атрымала позву – яна мае прыйсці ў панядзелак, 16 верасня, у суд Цэнтральнага раёну Менску.

Правесці акцыю памяці ў Дзень гораду сваякам Ігара Пцічкіна, які раптоўна памёр крыху больш за 40 дзён таму ў следчым ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага, гэтак і не далі. Удзельнікі збіраліся правесці хвіліну маўчання каля сценаў СІЗА – пакласці кветкі і запаліць свечкі. Аднак сваякоў адразу затрымалі разам з журналістамі, якія мелі асвятляць падзею.

Паводле Андрэя Бандарэнкі, кіраўніка праваабарончай установы «Platform innovation», што аказвае прававую дапамогу сваякам Пцічкіна, усяго затрымалі 13 асобаў. Журналістаў адпусцілі прыкладна а 16:00, праз некалькі гадзінаў – астатніх. Тым не менш, паводле інфармацыі «Platform innovation», трое ўдзельнікаў акцыі з РУУС не выйшлі – іх даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

{movie}Акцыю разагналі|right|12493{/movie}

Паводле афіцыйнай версіі, прычынаю смерці стаў сардэчны прыступ. Аднак сваякі і сябры Пцічкіна мяркуюць, што ён памёр пасля жорсткіх збіванняў у СІЗА. На сайце «Platform innovation» (www.platformarb.com) размешчаныя пасмяротныя здымкі Пцічкіна, на якіх відаць вялікія гематомы на перадплеччах, пясцях, у вобласці рэбраў, а таксама пашкоджанні ніжэй за калена. У Следчым камітэце сваякам Ігара паведамілі, што па факце ягонай смерці праводзяць правяранне.

АК, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў