У Магілёве можна замовіць традыцыйнае беларускае вяселле


Сапраўднае беларускае вяселле цягнулася 3 дні, у сучаснай жа версіі захавалася толькі некалькі абрадаў. Зрабіць усё згодна са старажытнымі традыцыямі дапамагаюць у «Шчырай майстэрні».

Жыхары Магілёва Алена ды Ілля Шаблінскія вырашылі не адмаўляцца ад афіцыйна цырымоніі, але захацелі здзівіць гасцей, выканаўшы традыцыйныя беларускія абрады першага дня. Традыцыйна яго святкавалі ў хаце нявесты, куды ехалі адразу пасля вянчання (другі дзень праводзілі ў хаце жаніха, а на трэці маладыя збіраліся на танцы).

Асноўныя абрады першага дня:

– першыя крокі па хаце абавязкова трэба было зрабіць па ручніку;

– ад парога жаніх і нявеста кіраваліся да стала, які трэба было тройчы абысці;

– правую руку жаніха і левую нявесты звязвалі чырвонаю стужкаю і накрывалі ручніком, што сімвалізавала адзінства;

– пасля маладыя свабоднымі рукамі мусілі звязаць галінкі клёна – сімвала мужчынскай сілы – ды бярозы – сімвала жаночай гнуткасці. Хто абвязвае, той і будзе кіраваць у сям’і, а хто дапамагае – падначальвацца;

– каравай трэба было кусаць, а не ламаць рукамі.

Пасля роспісу ў ЗАГСе Алена ды Ілля завіталі на арт-пляцоўку «Шчырай майстэрні», дзе сябры аматарскага аб’яднання рамеснікаў «Магілёўскія майстры» выстаўляюць свае творы, праводзяць прэзентацыі і майстар-класы. Там і зладзілі сапраўднае народнае свята пад спевы дзяўчатаў са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, якія сабралі песні падчас экспедыцыяў па беларускіх вёсках.

У старажытныя часы нявесту саджалі на дзяжу, каб спраўдзіць, ці «чыстая» яна ідзе пад вянец. «Таксама ж такое здаралася, што нявеста была ўжо не дзяўчына да вяселля. І яна не сядала, бо сапраўды верыла, што калі схлусіць, дык накліча праклён на ўвесь род, – распавядае Марыя Лук’янава са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. – Гэта паказвае ўзровень свядомасці чалавека. Мяне гэта кранае. Мне падаецца, сённяшнія нявесты схлусілі б і нават у іх бы не зварухнулася нічога».

Са слядоў традыцыі, якія захаваліся ў сучаснай версіі вяселля, яна называе выкуп, вянок, вэлюм (яшчэ 200 гадоў таму было прынятае твар нявесты закрываць, каб яе не сурочылі). «Цяпер маладыя гоняцца за вонкаваю прыгажосцю цырымоніі: хочацца апрануць белую сукенку, запрасіць шмат гасцей, зрабіць прыгожыя фотаздымкі і відэа, – лічыць Марыя Лук’янава. – Яны вельмі рэдка задумваюцца над сутнасцю таго, што з імі адбываецца. Раней маладыя разумелі, што той крок, на які яны ідуць, – гэта на ўсё жыццё і адваротнага шляху ўжо няма».

Паводле майстра Алы Смаляковай, ідэя дапамагчы маладым аднавіць абрады ўзнікла пасля таго, як яны з калегамі заўважылі, што будучыя сужэнцы прыходзяць да іх па ручнікі, не ведаючы да канца, навошта ён патрэбны і які мусіць быць. Алена ды Ілля не першы раз у майстэрні: напярэдадні шлюбу нявеста пляла тут павука з саломкі, а жаніх ёй дапамагаў. Гэты абярэг стаў падарункам ад майстэрні.

АК, АС, belsat.eu

Стужка навінаў