Андрэй Клімаў: Беларусы сталі крымінальнаю нацыяй


Тройчы палітзняволены, бізнесовец і былы дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў распавёў, чаму ён паверыў Лукашэнку і як беларусы ператварыліся ў народ крымінальнікаў. Падрабязнасці – у «Размове Калінкінай».

Днямі арганізацыя «Платформа» абнародавала цікавую інфармацыю – заробкі вязняў Наваполацкай калоніі за год. Паводле гэтых звестак, людзі за сваю працу за кратамі атрымліваюць Br 300 за месяц. За гэтыя грошы нельга нават набыць прадуктаў. Калі ж вязень будзе харчавацца толькі тым, што даюць у калоніі, дык памрэ ад знясілення цягам года, упэўнены Андрэй Клімаў. І гэта, паводле яго, – адна з прычынаў росту злачынстваў. «Чалавек, які галадаў і цярпеў прыніжэнні ў турме калісьці выходзіць на волю ды ідзе «рэзаць-забіваць».

“Вязень смуткаваў, што не забіў 9-гадовую дзяўчынку…”

Былы дэпутат лічыць, што колькасць зняволеных у Беларусі – 22 тыс. паводле апошніх афіцыйных звестак – гэта не перабольшванне. Сёння з-за кратаў неабходна вызваліць палітвязняў, за эканамічныя злачынствы можна караць штрафам, не саджаць няпоўнагадовых. Але гэтыя катэгорыі – зусім невялікі адсотак ад агульнай колькасці зняволеных, якіх, лічыць спадар Клімаў, пакаралі справядліва.

Проста беларусы пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі хутка ператварыліся ў крымінальную нацыю. «У нашай краіне – крадзяжы, рабаванні, гвалты… Вы не ўяўляеце, чаго я наслухаўся, седзячы ў турмах. Еду па этапе на Мозыр – у адным купэ (калі можна так сказаць) – чалавек 15. Адзін мужык паўдарогі смуткаваў: як жа я не забіў тую 9-гадовую дзяўчынку?! – Чаму? – Яна стала сведкаю. Маму забіў, а дзяўчынку пашкадаваў. А яна яго апазнала».

{movie}Андрэй Клімаў у “Размове Калінкінай”|right|12485{/movie}

«У Мазыры са мною любіў гуляць інтэлігентны пажылы чалавек… За што сядзіць? Першы раз, застаўшы жонку з каханкам, забіў каханка, атрымаў толькі 8 гадоў. Выйшаў – забіў жонку. Атрымаў 15 гадоў – сядзіць задаволены і шчаслівы!» – працягвае прыводзіць прыклады госць праграмы.

“Беларусы перасталі трымацца закону пасля рэферэндума”

Паводле Андрэя Клімава, усё пачалося з рэферэндуму 1996 года, які нібыта насіў рэкамендацыйны характар, але, спасылаючыся на яго, перавярнулі ўсё ў краіне. «З таго часу, як у нашай дзяржаве ўсё вырашае ўказ, які можна трактаваць як заўгодна, і нават рашэнні выканкамаў замянілі сабою законы, – людзі пайшлі ў разнос. Закон ператварыўся ў парог, які ўсе імкнуцца абысці».

“Я паверыў Лукашэнку, бо ён увесь час апраўдваўся…”

Святлана Калінкіна звярнула ўвагу, што ў 1996-м дэпутаты Вярхоўнага Савету маглі заняць больш жорсткую пазіцыю і не дапусціць такога развіцця падзеяў у краіне. «Я паверыў прэзідэнту. А чаму я не павінен быў паверыць? Ён легітымна абраны, у разгонах парламенту на той час «засвечаны» не быў. Ён увесь час апраўдваўся… Тым больш за намі стаялі міліцыя, Вярхоўны Суд, выбаркам, якія мусілі дзейнічаць паводле закону», – патлумачыў Андрэй Клімаў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў