Мае з’явіцца беларускі хлеб паводле старажытных рэцэптаў


Алесь Прышывалка, які робіць хлеб паводле рэцэптаў XIX ст., плануе адчыніць уласную пякарню.

Сюжэт пра гэта падрыхтавала праграма «Рэпартэр», якая выходзіць на «Белсаце» шточацвер а 20:30. Усе выданні можна таксама паглядзець на сайце каналу ў раздзеле «Нашыя праграмы».

За 3 гады выпяканне хлебу стала для Алеся справаю жыцця. А пачалося ўсё з дзяцей, пасля з’яўлення якіх сям’я стала імкнуцца да здаровай ежы. Цяпер шмат хто робіць хлеб, але найчасцей людзі імкнуцца да экзотыкі: напрыклад, пякуць бананавы. Алесь жа хацеў есці такі хлеб, які пякла ягоная бабуля. Таму рэцэпты пачаў шукаць у кніжках XIX ст.

«Мне было цікава, якім ён мусіць быць – гэты традыцыйны беларускі хлеб, – распавядае пекар. – Па-першае, ён пераважна жытнёвы, бо беларусы не ведалі пшанічнага». А вось замест бананаў дадавалі кмін: «Цяпер, на жаль, мала хто памятае, што былі розныя цікавыя дамешкі. Гэтак званая чарнушка, чорны кмін: вельмі цікавыя дробныя зярняткі з незвычайным водарам і смакам».

{movie}Мае з’явіцца беларускі хлеб паводле старажытных рэцэптаў|right|12463{/movie}

Самае галоўнае ў гэтым майстэрстве – натуральная жытнёвая закваска. Сотні гадоў яе рабілі з мукі ды вады. «Гэта аснова хлеба, якая ў сям’і або пякарні магла жыць гадамі, бо увесь час абнаўлялася. Гэтак яна назапашвала, на мой погляд, неверагодную сямейную энергетыку», – тлумачыць Алесь.

Ён памятае, што бабуля пякла хлеб раз на тыдзень, гэта займала цэлы дзень: «Гэта была вельмі адказная справа. Гаспадыня вымывалася ўся, апраналася чыста, вымывала дом, каб не пакрыўдзіць хлеб».

Цеста атрымліваецца цяжкое, як гліна. Пасля вымешвання трэба накрыць яго ручніком, каб выспявала 9 гадзінаў. Свой хлеб Алесь пячэ ў кватэры, у звычайнай духоўцы, якую крыху перарабіў. Але неўзабаве плануе адчыніць традыцыйную беларускую пякарню, дзе хлеб будзе паўставаць паводле традыцыйнага падыходу.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў