Нобелеўская лаўрэатка распавяла «Белсату» пра Клінтан і Мясніковіча


Аўн Сан Суў Чы, лідарка дэмакратычнай апазіцыі М’янмы, якая 15 гадоў правяла пад арыштам, прыехала ў Варшаву.

Журналісты змаглі задаць ганаровай госці ўсяго тры пытанні. Пытанне «Белсату» было наступнае: чаму М’янма, якая дэкларавала дэмакратычныя рэформы, працягвае сябраваць з беларускім рэжымам? Два гады таму сталіцу краіны ў адзін дзень наведалі дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан і прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. На першы візіт медыі адгукнуліся кароткім радком, прадстаўніку ж нашай краіны газеты прысвяцілі першапалосныя артыкулы. Пасля прыезду Мясніковіча таваразварот паміж дзяржавамі павялічыўся ў 15 разоў. Як зменяцца адносіны да Беларусі, калі да ўлады ў М’янме прыйдуць дэмакраты?

{movie}Аўн Сан Суў Чы адказвае на пытанне “Белсату” пра Клінтан і Мясніковіча|right|12448{/movie}

«Перш за ўсё, гэты прыклад добра ілюструе сённяшнюю сітуацыяю ў Бірме, – сказала Аўн Сан Суў Чы. – Вы ведаеце, што мы мусім правесці рэформы, мусім стварыць дэмакратычную сістэму. Але менавіта прыклад, пра які вы ўзгадалі, паказвае, які далёкі шлях мы маем прайсці да дэмакратыі. Калі мы станем дэмакратычнаю супольнасцю, у нас будзе свабодная прэса. І толькі ад канкрэтнага СМІ будзе залежаць, якую менавіта навінУ падаць як самую важную. Менавіта гэта і ёсць дэмакратыя, калі існУе свабода ў прыняцці рашэння, якая падзея сапраўды значная для нашай краіны».

Нобелеўская лаўрэатка Аўн Сан Суў Чы – лідарка дэмакратычнай апазіцыі М’янмы. У 1990 годзе ейная партыя атрымала большасць галасоў на парламенцкіх выбарах, аднак улады краіны гэтыя вынікі праігнаравалі. Нобелеўскую прэмію яна атрымала ў 1991 годзе.

Лідарка апазіцыі агулам 15 гадоў правяла пад хатнім арыштам. Ёй забаранялі сустракацца з журналістамі, іншымі палітыкамі ды дзеячамі, аднак нават у практычна поўнай ізаляцыі яна засталася самай уплывоваю фігураю ў апазіцыі ды карысталася падтрыманнем шараговых грамадзянаў. У 2010 годзе яе вызвалілі, і вайсковая хунта распачала рэфармаваць палітычную сістэму ў кірунку дэмакратызацыі.

АК/ВС/МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў