Чума, якой не было


Начальства памылкова прымусіла вяскоўцаў забіць усіх свінняў. Цяпер чыноўнікі хаваюцца ад журналістаў, а мясцовыя жыхары не могуць дамагчыся кампенсацыі. Падрабязнасці – у праграме «Маю права».

{movie}”Маю права”: Чума, якой не было|right|12447{/movie}

У вёску Івесь Глыбоцкага раёну прыехаў ветэрынар. Ён паведаміў, што ў забітага дзіка выяўленая афрыканская чума свіней, а таму ўсе вяскоўцы мусяць да 18.00 зарэзаць усю жывёлу, іначай справаю зоймецца пракурор. Жыхары Івесі не пайшлі супраць начальства ды закалолі ўсіх свінняў. Толькі пазней выявілася, што… ніякай афрыканскай чумы не было.

Найбольшыя страты ў вёсцы панесла спадарыня Зоя. Яна – шматдзетная маці, а гадоўля свінняў была асноўнаю крыніцаю даходаў. Міжсобку вяскоўцы называюць той дзень «крываваю суботаю». «Увесь дзень гэты віскат, роў… Як вайною», – кажа спадарыня Зоя, не стрымліваючы слёзаў. У ейнай гаспадарцы засталіся толькі куры і шчанюкі. Пенсія – 2 мільёны рублёў. «З чаго цяпер жыць? Так была б хоць нейкая капейка, было б за што жыць», – скардзіцца жанчына.

Цяпер і ветэрынар, і старшыня сельсавету пазбягаюць адказаў на пытанні. Старшыня, даведаўшыся, што да яе едуць журналісты, знікла са свайго працоўнага месца, нават не зачыніўшы кабінета.

Мясцовым жыхарам цяпер застаецца толькі прасіць кампенсаваць страты ад забою свінняў. Але мясцовыя ўлады гавораць, што ніякіх дакументаў аб прымусовым забоі няма, гэта значыць фармальна вяскоўцы самыя з уласнай волі знішчылі ўсё пагалоўе ў Івесі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў