“Калійная вайна” паміж Беларуссю і Расеяй адкрывае ўсё новыя франты


Следчы камітэт выставіў абвінавачванне Сулейману Керымаву ды абвесціў аднаго з асноўных акцыянераў кампаніі “Уралкалий” у міжнародны вышук.



Арганізацыя злоўжывання ўладаю і службовымі паўнамоцтвамі. У крымінальнай справе наконт Беларускай калійнай кампаніі – новы абвінавачаны. Расейскі мільярдэр Сулейман Керымаў.

ПАВАЛ ТРАУЛЬКА, СЛЕДЧЫ КАМІТЭТ:

“Максімальная санкцыя артыкулу за гэты від злачынства прадугледжвае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці”.

Акцыянера “Уралкалия” алігарха Керымава, а таксама яшчэ чатырох топ-мэнэджараў Беларускай калійнай кампаніі Следчы камітэт ужо абвесціў у міжнародны вышук. У Менску спадзяюцца, што да працы Інтэрполу далучыцца і Генеральная пракуратура Расеі: паводле Следчага камітэту абвінавачаныя нанеслі вялізную шкоду не толькі нашай, але і ўласнай краіне. Керымава ж чакаюць і пытанні наконт магчымых сувязяў са злачыннымі групоўкамі на Каўказе.

{movie}Жарсці абвастраюцца|right|12300{/movie}

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

“Наіўна спадзявацца, што заўтра праваахоўныя органы нейкай іншай краіны, а тым болей Расеі закуюць яго ў кайданкі і здадуць беларускаму Следчаму камітэту, беларускім уладам”.

Аднак і фарсам падключэнне да “калійнай вайны” Інтэрполу называць не варта, цвердзіць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. Хутчэй, эскалацыя канфлікту – спланаваная спроба адным ударам забіць адразу некалькіх зайцоў. Найперш – эканамічных канкурэнтаў з “Уралкалия”.

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

“Ім ужо небяспечна ездзіць па свеце, цяжэй нейкія кантракты заключаць. То бок гэта ўдар па “Уралкалию” і, адпаведна, гэта магчымасць у момант перадзелу рынку захапіць выгодныя кантракты на перспектыву – кантракты для “Беларуськалію”.

Новы наступ афіцыйнага Менску ў “калійнай вайне” можна патлумачыць надзіва стрыманай рэакцыяй з боку Крамля. На тле рэзкіх выказванняў шэрагу расейскіх палітыкаў рознага рангу, галоўны чыноўнік нашых усходніх суседзяў па-ранейшаму вытрымлівае паўзу. Прэс-служба Уладзіміра Пуціна таксама перарвала маўчанне падкрэслена дыпламатычна.

ДЗМІТРЫЙ ПЯСКОЎ, ПРЭС-САКРАТАР ПРЭЗІДЭНТА РАСЕІ:

“Патрабуецца інфармацыя, у чым канкрэтна абвінавачваюць Сулеймана Керымава, аднак безадносна гэтага выпадку можна сказаць, што абарона інтарэсаў расейскіх грамадзянаў, у тым ліку адстойванне інтарэсаў расейскага бізнесу – канстанта дзейнасці кіраўніцтва краіны”.

Што ж хаваецца за гэткаю стрыманасцю Крамля?

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

“Пуцін – усё-ткі палітык. Яму трэба ствараць Еўразійскі звяз. І вось на гэта надзея Лукашэнкі – што Пуцін усё-ткі тармазне гэтую эскалацыю дзеля інтэграцыйных інтарэсаў”.

Тармазне, хай нават і не ўласнаруч. Супраць намераў скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь на 400 тысяч тонаў ужо ў гэтым месяцы рэзка выступіў кіраўнік кампаніі “Транснефти” Ігар Сечын. Перакрыць жа кран у сувязі з раптоўным рамонтам трубаў, які надзіва супаў з арыштам у Менску гендырэктара “Уралкалия” Уладзіслава Баўмгертнера, напярэдадні пастанавіла расейская кампанія “Транснефть”.

ІГАР СЕЧЫН, КІРАЎНІК КАМПАНІІ «ТРАНСНЕФТЬ»:

“Мне трэба на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, на свой актыў, пастаўляць сырую нафту. Калі яны будуць скарачаць аб’ёмы пастаўкі прапарцыйна, я больш за ўсіх пацярплю”.

Што-што, а расейскую прымаўку “Куй железо, пока горячо” афіцыйны Менск засвоіў добра. А таму пакуль тое жалеззе не асцюдзілі па той бок “калійнага фронту”, удары “беларускага кавадла” наўрад ці спыняцца.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў