Беларускамоўная Ялінка хоча мець аднакласнікаў. Бацькі здымуць рэкламны кліп


Каб знайсці дачцэ аднакласнікаў ды заахвоціць бацькоў аддаваць дзяцей ў беларускамоўны клас Зміцер і Надзея Салаўёвы, бацькі адзінай беларускамоўнай школьніцы Магілёва, здымуць кліп пра мову.



«Потым, можа, на падставе гэтага роліка паўстане гурток людзей, бацькоў, якія адважацца ці пераканаюцца, што беларускамоўнае навучанне дае больш перспектываў, перш за ўсё, у ментальным развіцці дзіцяці», – мяркуе Надзея Салаўёва.

У Магілёве ёсць толькі адзін беларускамоўны клас. Навучаецца ў ім ужо чацверты год Ялінка Салаўёва. Сёлета дзяўчынка будзе навучацца зусім адна, а на занятках будзе спатыкацца толькі з настаўніцаю.

{movie}Ялінка Салаўёва – адзіная беларускамоўная вучаніца на ўвесь Магілёў|right|12288{/movie}

Падручнікі ў Ялінкі – усе беларускамоўныя, дома з бацькамі яна размаўляе таксама па-беларуску, з сябрамі ж даводзіцца па-расейску. І хоць сяброў у яе шмат, дзяўчынка не мае ніводнага аднакласніка.

Як кажуць ейныя бацькі, школа не робіць перашкодаў для навучання на беларускай мове, але не робіць ніякіх захадаў, каб пашырыць склад беларускамоўнага класу. На наступны год у сувязі з ашчаджэннем навучацца на беларускай мове ўжо не атрымаецца.

Бацькі Ялінкі – Зміцер і Надзея – самі штогод на летніх канікулах шукаюць бацькоў, якія б хацелі беларускамоўнага навучання для сваіх дзяцей.



А гэта задача – не з простых, як кажа Надзея Салаўёва, бо хоць дарослыя людзі станоўча ставяцца да беларускай мовы, але яны не бачаць перспектывы: як будзе вучань навучацца ў 5 класе, калі будзе шмат настаўнікаў і яны ўсе адразу не гатовыя весці свае прадметы на беларускай мове, як будзе ва ўніверсітэце і гэтак далей.

Надзея Салаўёва прызнае, што калі ў Ялінкі не атрымаецца працягнуць навучанне на беларускай мове ў пятым класе, то ёй будзе нялёгка адаптавацца: будзе цяжка зразумець некаторыя прадметныя ды матэматычныя тэрміны і гэтак далей. Таму бацькі збіраюцца ў блізкім часе ісці да новага дырэктара школы № 1 у Магілёве, каб растлумачыць яму сітуацыю і шукаць у яго рады.

«У нас такі парадокс, бо Беларусь – адзіная краіна ў свеце, дзе дзеці не размаўляюць на роднай мове. Ува ўсіх астатніх краінах дзеці ведаюць родную мову і плюс яшчэ замежныя для сябе».

Беларускі народ за шматлікія гады ціску і запалохвання прызвычаіўся да таго, што нельга праяўляць ініцыятыву, пракаментаваў бацька Ялінкі Зміцер Салаўёў. «Каб прыкласці пэўныя намаганні, каб аддаць сваё дзіця ў беларускамоўны клас, дамовіцца, каб школа адкрыла такія класы, цяжкавата. Пры тым, што яны пазітыўна ставяцца да мовы… Такі менталітэт нашага народу трэба мяняць, што мы, у прынцыпе, і робім».

Школьная лінейка на пачатку навучальнага года прайшла для Ялінкі па-расейску.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў