Расціслаў Лапіцкі адмовіўся ад памілавання


Сёння змагару з камуністамі Расціславу Лапіцкаму магло б споўніцца 85.

«Раніцаю 28 кастрычніка 1950 года ў дзвярах адной з камераў Маладзечанскай турмы, дзе сядзелі дзяўчаты-падземніцы са Смаргоні, адчынілася акенца-«кармушка» і наглядчык ціха сказаў: «Сёння ўначы расстралялі вашага Лапіцкага», – гэтак распачынаецца прадмова да кнігі Міхася Чарняўскага «Як пошуг маланкі». Аднайменны фільм паводле ягонага сцэнара быў зняты на замову «Белсату».

Арганізатар і кіраўнік антыкамуністычнага падземнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў 1948–1950 гады Расціслаў Лапіцкі нарадзіўся 1 верасня 1928 года ў вёсцы Касута на Вілейшчыне. Ягоным бацькам быў праваслаўны святар, дзяцей у сям’і было пяцёра.

Пасля нямецкай акупацыі, увосень 1944 года, Расціслаў пайшоў вучыцца ў школу ў Кабыльніку, дзе бацька атрымаў прыход. Тады ж старэйшы брат Алег уцягнуў яго ў патрыятычны рух, далучыўшы да падземнай Віленскай патрыятычнай арганізацыі, якая ўтварылася сярод навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі ды Віленскай семінарыі. У апошняй вучыўся Алег.

{movie}Белсат ТВ «Як пошуг маланкі», дак. фільм.|right|12285{/movie}

Пасля разгрому арганізацыі 16-гадовага Расціслава арыштавалі, як большасць яе сябраў. Але яму пашанцавала выйсці на волю паводле амністыі, якую абвесцілі ў сувязі з перамогаю над Нямеччынаю. Пасля смерці бацькі ў 1946-м ён пераехаў з маці пад Мядзель, дзе хадзіў у дзесяцігодку. Там знайшоў аднадумцаў, якія марылі пра вызваленне Беларусі з-пад савецкай акупацыі. Сярод іх былі Факунда Несцяровіч і Юзік Качэрга.

Расціслаў разам з маці жылі вельмі бедна, таму ў пошуках лепшай долі перабраліся да сваякоў у Смаргонь, дзе юнак пайшоў у дзясяты клас. Ён распачаў антысавецкую агітацыю. У 1949-м, пасля таго, як яны з паплечнікамі засыпалі горад антыкамуністычнымі ўлёткамі, яго арыштавалі, пасля допытаў адпусцілі, аднак неўзабаве прыйшлі зноў. Больш хлопец ніколі не выйшаў на волю.

З кнігі «Як пошуг маланкі»: «3 чэрвеня 2006 года Юзаф Качэрга ў канцы свайго аповеду пра даўнія справы мядзельска-смаргонскага падзем’я, пасля паўзы, нейкім змененым голасам – быццам цытаваў з Евангелля, прамовіў: «Восеньскай ноччу Расціслава Лапіцкага і Факунду Несцяровіча павезлі ў падвілейскі лес. Падвялі да выкапанай ямы, паставілі побач. Зачыталі прысуд да расстрэлу Факусю. А затым тут жа абвясцілі пастанову Прэзідыуму Вярхоўнага Савету СССР аб яго памілаванні. Зачыталі такі ж прысуд да расстрэлу Расціславу. Аднак рашэння аб памілаванні не абвяшчалі. А яно ж было і на Лапіцкага. Аднак той катэгарычна, яшчэ ў турме, адмовіўся ад няпрошанай ласкі. Грымнуў стрэл і юнак упаў. Салдаты хутка закапалі яму…».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў