Асад выкарыстаў фосфарную зброю? (Асцярожна, вусцішныя здымкі)


Некалькі асобаў з моцнымі апёкамі – у шпіталі сірыйскага гораду Халеб. Аўтары відэа, што з’явілася ў сацыяльных сетках, сцвярджаюць, што гэта ахвяры чарговай хімічнай атакі з боку урадавых сілаў, лаяльных да Башара аль-Асада, што была здзейсненая 26 жніўня.

На відэа – малады чалавек у шпіталі, ён просіць дапамогі. Ягоныя рукі, твар і ногі маюць сляды моцных апёкаў. У відэароліку таксама паказаны іншы чалавек на шпітальным ложку, які сцвярджае, што атрымаў моцныя апёкі ў выніку абстрэлу ўрадавымі войскамі. Ён гаворыць, што выкарыстаныя боепрыпасы мелі фосфарнае начынне.

Некаторыя боепрыпасы, у тым ліку бомбы, гранаты, могуць утрымліваць белы фосфар, які ўступае ў рэакцыю з кіслародам. Падчас хімічнай рэакцыі фосфар разгараецца да тэмпературы каля 800 градусаў. Удыханне паветра, у якім распылены белы фосфар, можа прывесці да апёкаў лёгкіх і пакутлівай смерці.

Агенцыя «Reuters», што распаўсюдзіла відэа, аднак, не можа адназначна пацвердзіць аўтэнтычнасці матэрыялу або зняпраўдзіць інфармацыю, якую ён утрымлівае.

Паводле паўстанцаў, у апошняй атацы на Халеб загінулі не менш як 50 чалавек, яшчэ дзясяткі атрымалі моцныя апёкі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў