Зміцер Дашкевіч: На зоне зэкі мяшаюць каву футаралам ад зубной шчоткі




Умовы ў беларускіх турмах – антычалавечыя, інакш як катаваннем іх нельга назваць, распавёў «Белсату» былы палітвязень Зміцер Дашкевіч.

Паводле лідара «Маладога фронту», у беларускіх турмах ёсць камеры, у якіх сядзяць па 50 асобаў, у турмах пануе антысанітарыя, а зняволеныя часта галадаюць. «Я не звяртаў на гэта ўвагі, калі мне давалі больш-менш спакойна сядзець, не ўсчыналі правакацыі, ніхто не лез, я не звяртаў на гэта ўвагі. Я разумеў, у якой я дзяржаве, і не лічыў патрэбным змагацца за кашу і дадатковы кавалак сала», – адзначыў Зміцер.

Умовы ж у побытавым, маральным і псіхалагічным плане дзеяч назваў антычалавечымі. «Людзям забараняюць лыжку ў Віцебскай турме мець, і яны футлярамі ад зубных шчотак мяшаюць каву з цукрам – і дэпартамент лічыць гэта нармальным. Гэта ж катаванні! У нармальнай краіне гэта прызналі б катаваннем».

{movie}Зміцер Дашкевіч: На зоне зэкі мяшаюць каву футаралам ад зубной шчоткі |right|12242{/movie}

Нельга паддавацца

Зміцер лічыць, што ў любым выпадку нельга паддавацца на маральны здзек і нельга дазваляць у дачыненні сябе пераходзіць пэўную мяжу. Калі чалавек будзе супраціўляцца, іншым разам ягоную асабістую мяжу не будуць парушаць, зазначыў дзеяч. Самае цяжкое на зоне, паводле былога палітвязня, былі галадоўкі ў ізалятары, калі вязень мусіў сядзець у робе на падлозе пры 10–15 градусах цяпла.

Кіраўніцтва ў «Маладым фронце» Зміцер мяркуе перадаць малодшым дзеячам, а сам былы зняволены зоймецца грамадска-палітычнаю дзейнасцю, бо не хоча здраджваць сваім ідэалам і веры. Праўда, формы гэтай дзейнасці ён выпрацуе са сваёй жонкаю на сямейным савеце. «Я перакананы на 100 %, што наш час набліжаецца, кожнага чалавека, які вядзе барацьбу за нацыянальнае, духоўнае адраджэнне Беларусі. Рана ці позна гэты час прыйдзе, і хай спыняе сваю дзейнасць той, хто вядзе нас назад, у багну».

Чаму нічога не змяняецца?

Цяперашніх жа грамадскіх і палітычных актывістаў, паводле Змітра, не мае права крытыкаваць той, хто не прапаноўвае нечага лепшага. «Робяць, дык, калі ласка, няхай робяць. На зоне ёсць такая прымаўка: «Я за любы кіпеж, апрача галадоўкі. Я магу, перафразуючы, сказаць, я за любы кіпеж, у тым ліку і за галадоўку. Дзякуй Богу, што нешта робяць».

На палітычнай сцэне Беларусі нічога не змяняецца, паводле лідара «Маладога фронту», таму, што ўлада нікому не трэба і яе ніхто не здабываў, апроч Лукашэнкі. «Мяне могуць крытыкаваць, не згаджацца, казаць, што бралі, рабілі. Бралі, але не так. Калі не так – значыцца, не бралі. Гэта маё перакананне».

Аб’яднанне апазіцыі – не фетыш



Не варта таксама з аб’яднання беларускай апазіцыі рабіць фетыш, настойвае Зміцер, бо ў гісторыі ўжо былі прыклады апазіцыйных кааліцыяў, якія закончыліся нічым. «Гэта горш, калі аб’яднаюцца і жук, і жаба. Адзін будзе цягнуць у адзін бок, другі – у другі. Былі сярод апазіцыі такія кааліцыі, дзе адныя былі за расейскі рубель, а другія – за еўра. Куды ідзе такая кааліцыя і што яна хоча данесці народу? А многія лічылі гэтую кааліцыю харошай і вялікім дасягненнем», – падкрэсліў лідар «Маладога фронту».

На думку дзеяча, аб’яднанні мусяць ствараць людзі з адзінаю мэтаю і стратэгіяй. Некалькі аб’яднанняў – добра, бо яны будуць спаборнічаць паміж сабою, чынячы дабро ў грамадстве.

«Бог кіруе жыццём чалавека і жыццём народу, падабаецца гэта камусьці ці не. Усё можа змяніцца заўтра, а можа – праз 20 гадоў. Нашая задача – не думаць пра час. Нашая задача – рабіць ўсё, што ад нас залежыць, тут і цяпер, каб эфектыўна, і, самае галоўнае, паслядоўна рэалізоўваць тое, пра што мы гаворым».

Макскім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў