У Менску раварысты ездзяць паводле знака, якога няма ў правілах дарожнага руху


Пайшло-паехала – гэта пра ходнікі ля дарогаў, месца руху пешаходаў, але таксама раварыстаў. На мосце над Свіслаччу некалькі дзён таму позна ўвечары мы з раварысткаю не размінуліся. Тая ехала без уключанае фары, урэзалася ў мяне ды вылецела на праезную частку.



Добра, што ўсё абышлося, але віны сваёй дзяўчына не прызнала. Раварыст з 10-гадовым стажам, мянчук Сяргей, такіх сітуацыяў не стварае. Ровар абсталяваны фараю, гукавым сігналам, адлюстравальнікам святла, спраўным тормазам. Кажа, пытанняў да яго нават у ДАІшнікаў не ўзнікае, але з пешаходамі ледзь не да боек даходзіць.

СЯРГЕЙ, РАВАРЫСТ, МЕНСК:

“Чамусьці пешаходы хочуць хадзіць па роварнай сцежцы, часам здараюцца наезды, і цяжка вельмі падтрымліваць роўную хуткасць”.

Кожны пешаход на гэтым участку воляю-няволяю мусіць са сходаў ступіць на тэрыторыю раварыста, а нехта свядома выкарыстоўвае роўнае покрыва ў якасці бегавой дарожкі.

Адныя пешаходы сябе абараняюць, іншыя – з разуменнем ставяцца да кіроўцаў двухколавага транспарту.

{movie}Пайшло-паехала (28.08.2013) |right|12238{/movie}

ПЕШАХОДЫ, МЕНСК:

“Мусяць дарожкі адмысловыя зрабіць у Менску. А ў нас гэтым пытаннем ніхто не займаецца, раварысты пакінутыя самыя сабе, па-мойму”.

“Раварысты па праезнай частцы ўвогуле ехаць не маюць, я думаю. Мусяць быць адмысловыя сцежкі, бо, вядома, раварысты замінаюць”.

Ды ствараюць сумную статыстыку. Паводле Дзяржаўтаінспекцыі, на 10 % вырасла колькасць дарожна-транспартавых здарэнняў, у якіх вінаватыя раварысты. Утрая больш сёлета загінулых у ДТЗ раварыстаў. Найчасцей гэта выпадкі на дарозе.

Сябра аб’яднання аўтамабілістаў “За аўта” Фёдар Сухаў кажа, што наспеў час зрабіць змены ў правілах дарожнага руху і забавязаць раварыстаў гэтыя правілы ведаць.

ФЁДАР СУХАЎ, АБ’ЯДНАННЕ «ЗА АЎТА»:

“Трэба нейкае пасведчанне рабіць, хоць у мяне прапанова такая: каб ужо ў школе была абавязковая дысцыпліна па правілах дарожнага руху”.

Але найперш дзяржава мае скончыць з парушэннем правілаў дарожнай разметкі. Калі ў Беларусь прыйшла еўрапейская мода на ровар і колькасць раварыстаў павялічылася, новую сталічную роварную сцежку малявалі абы-як – вынікае з таго, што бачым на асобных яе адцінках.

Што не так – нам паказаў аўтар кнігі “ПДВ. Невядомае пра вядомае”, былы інспектар ДАІ ды працаўнік Следчага камітэту.

АЛЯКСАНДР КАНАПЛІЦКІ, АЎТАЭКСПЕРТ:

“Знак, які тут усталявалі, у народзе завуць “жанглёры роварамі”. Такога знаку ў правілах дарожнага руху няма. Складана зразумець, да чаго ён адносіцца і што гэта такое. Калі гэта веладарожка, знак мусіць быць круглы. Калі гэта пешаходны пераход, то там не мусіць быць ровара”.

Нават калі на гэта не зважаць, веласцежка намаляваная задалёка ад скрыжавання, таму кіроўца аўта, паводле правілаў, не мусіць саступаць дарогі раварысту.

На скрыжаванні праспектаў Машэрава і Незалежнасці – сцежка таксама не сцежка…

АЛЯКСАНДР КАНАПЛІЦКІ, АЎТАЭКСПЕРТ:

“Калі сігнал святлафору выкананы ў выглядзе чырвонага ці зялёнага сілуэту пешахода, то яго дзеянне распаўсюджваецца толькі на пешахода, таму згодна з правіламі дарожнага руху гэты святлафор дзее толькі на пешаходаў”.

Каго вінаваціць у парушэнні правілаў, калі тут здарыцца аварыя, невядома. Прасцей – раварыстаў, бо яны найчасцей парушаюць дадаткова, едучы праз “зебру”.

ЯЎГЕН, РАВАРЫСТ, МЕНСК:

“Хацелася б, каб у правілах увялі, што неабавязкова “пешкацца”, каб проста ехаць на зялёнае святло”.

Ехаць… і нікому не замінаць.

Юлія Цяльпук, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў