Зміцер Дашкевіч на волі!


Змітра Дашкевіча выпусцілі а 6:15 раніцы. Схуднелы, бледны, але бадзёры. З вечара пад сценамі гарадзенскай турмы яго чакалі сваякі, сябры, паплечнікі з Менску і Горадні. Каля 50 чалавек.

{movie}Дашкевіч на волі! Першае інтэрв’ю|right|12224{/movie}



Зміцер плануе разабрацца з бытавымі праблемамі, а пасля зоймецца палітыкай. Кажа, што будзе займацца той жа дзейнасцю, адзінае, «Малады фронт» трэба перадаваць маладзейшым.

У хаце Змітра чакае абяцаная гусь з яблыкамі. Цяпер усе выправіліся на пікнік у ваколіцах Горадні.

Зміцер Дашкевіч правёў 986 дзён у турме, большую частку з іх – у адзіночных камерах. Лідар «МФ» падкрэсліў, што не ўспрымае свайго вызвалення як ласкі: «Прыклад Уладзіміра Яроменка паказвае, што сёння цябе могуць выпусціць, а заўтра – зноў пасадзіць».

Дашкевіч падзякаваў прысутным за падтрыманне і паведаміў, што працягне займацца палітыкай: «Буду рабіць тое, што і рабіў».

Умовы ў камеры былы палітвязень назваў прымальнымі. «Для таго, хто сядзіць у турме, вельмі важна ўсведамляць, што за яе межамі ёсць людзі, якія цябе падтрымліваюць і працягваюць тваю справу», – падкрэсліў Дашкевіч, адзначыўшы, што атрымліваў шмат лістоў. Ён пацвердзіў, што бліжэйшыя паўгода будзе заставацца пад прэвентыўным наглядам. Яму забараняецца пакідаць месца жыхарства з 20-й да 6-й гадзіны.

Настасся Дашкевіч заявіла, што шчаслівая зноў бачыць мужа вольным. 29 жніўня ў менскім офісе Партыі БНФ лідар «МФ» дасць прэс-канферэнцыю.

Шлюб за кратамі

Бліжэйшым часам Зміцер і Наста Дашкевічы плануюць абвянчацца. Яны зарэгістравалі свой шлюб у снежні 2012 года, але да гэтага часу ім увесь час чынілі фармальныя перашкоды. Галоўная з іх – Дашкевічу не аддавалі пашпарту. У выніку Генпракуратура ў адказ на скаргу напісала, што знайсці дакумент не ўдалося. Гэта паслужыла падставаю для аднаўлення пашпарту.

Цырымонія адбылася ў Гарадзенскай турме і доўжылася не больш за 10 хвілінаў.

Нейтралізацыя моладзевага лідара

Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, ягонага паплечніка з «Маладога фронту», затрымалі ў Менску 18 снежня 2010 года, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў. Іх абвінавацілі ў збіванні двух мясцовых жыхароў. Нягледзячы на тое, што маладафронтаўцы катэгарычна адмаўлялі абвінавачанні ды заяўлялі, што не знаёмыя з нібыта пацярпелымі, суд Маскоўскага раёну сталіцы прызнаў іх вінаватымі ў асабліва злосным хуліганстве. Дашкевіча прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Лобава – да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Затрыманне актывістаў «Маладога фронту» прадстаўнікі апазіцыі ды праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную захаду міліцыі напярэдадні выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі абвесцілі Дашкевіча і Лобава палітвязнямі.

Пасля прысуду Дашкевіч адбываў пакаранне ў калоніі № 13 райцэнтру Глыбокае (Віцебская вобласць). 28 жніўні 2012 г. раённы суд прызнаў актывіста вінаватым у «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» (частка 1 артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу) і прысудзіў да года пазбаўлення волі.

Пасля вынясення прысуду Дашкевіча перавялі ў гарадзенскую турму.

ВШ/МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў