«Крамбамбуля» выступіла легальна ўпершыню за тры гады


Фестывальнае лета скончылася ў Дудутках. У Музеі народных рамёстваў непадалёк Менску прайшоў фестываль «Млын». Галоўнаю яго падзеяй стаў выступ гурта «Крамбамбуля».

Нездарма канцэрт, што адбыўся на вялікай сцэне, называлі доўгачаканым. Трапіўшы ў гэтак званы «чорны спіс», музыкі не мелі магчымасці выступаць у Беларусі легальна амаль 3 гады. Таму арганізатары зрабілі ўсё магчымае, каб запланаванае свята адбылося.

ДАР’Я ІЛЬІНІЧ, НАВУКОВАЯ ПРАЦАЎНІЦА МУЗЕЮ «ДУДУТКІ»:

«Людзям нецікава толькі глядзець на народныя святы, асабліва такія, як Спасы, бо яны не маюць відовішчнага абраду. Пачаставацца яблыкамі ды грачаннікамі – так, але трэба, каб была яшчэ такая генеральная лінія, як канцэрт».

Самі музыкі, безумоўна, былі радыя такой рэдкай сустрэчы са сваёй публікаю. Але з нагоды чарговага «размарожвання» яны аніякіх ілюзіяў не маюць.

{movie}«Крамбамбуля» вярнулася (26.08.2013)|right|12202{/movie}

ЛЯВОН ВОЛЬСКІ, ЛІДАР «КРАМБАМБУЛІ»:

«Я, можа, вас расчарую, але ніякіх вострых пачуццяў з нагоды размарозкі ці замарозкі чарговай у нас няма. Мы навучыліся на гэта не рэагаваць, каб не было так балюча душы і сэрцу. Калі няма магчымасці граць на Радзіме, мы граем за яе межамі і запрашаем нашых слухачоў туды, калі ёсць – граем тут».

І, апроч «Крамбамбулі», гасцей чакала нямала цікавага. На цэнтральным пляцы ахвочых вучылі танцам, а ў летняй кавярні знаёмілі з традыцыямі народнай кухні. Агульнаму святу не перашкодзіў ні дождж, ні… міліцыянты. Ніякіх інцыдэнтаў не зафіксавалі, а ўсе толькі і казалі пра надзвычай прыемную атмасферу ў Дудутках.

АНАТОЛЬ МЯЛЬГУЙ, МУЗЫЧНЫ ЖУРНАЛІСТ:

«Трапіў упершыню на фестываль, і для мяне было вялікім адкрыццём гэтае месца – Дудуткі. Тут можна пазнаёміцца не толькі з тою культураю, якая прадстаўленая ў дзяржаўных СМІ, але і з сапраўднаю. Кавальства, ганчарства, сыроробства – усё гэта частка нашай культуры».

Згодна з ацэнкамі арганізатараў, фестываль «Млын» наведалі каля трох тысяч асобаў – колькасць, якая натхняе на далейшае правядзенне фэсту.

Сяргей Будкін, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў