Зброя не патрэбная, навука пракорміцца сама. Лукашэнка рыхтуецца да глыбокага крызісу?


У публічных выступах Аляксандр Лукашэнка ўсё часцей гаворыць пра недахоп сродкаў і намер распачаць жорсткую эканомію. За чый кошт будуць закрытыя дзіры ў бюджэце? «Белсат» прапануе ТОП-5 «антыкрызісных» заяваў Лукашэнкі за апошні месяц.

Бюджэт-2013 планаваўся як бездэфіцытны. Чыноўнікі прагназавалі эканамічны рост (ажно на 8–9 %), павелічэнне паступленняў у дзяржаўную скарбніцу і рост золатавалютных рэзерваў. Аказалася, што дзяржаўныя эксперты моцна памыліліся – паводле намесніка міністра фінансаў Максіма Ермаловіча, напрыканцы 2013 года ў бюджэце будзе дзіра на Br 9 трыльёнаў, або 7 % дэфіцыту.

Тое, што папярэднія разлікі апынуліся надта аптымістычныя, стала зразумела пасля таго, як падвялі эканамічныя вынікі першага паўгоддзя. Мяркуецца, што поўную эканамічную выкладку за шэсць месяцаў 2013 года Аляксандр Лукашэнка атрымаў напрыканцы ліпеня. Бо менавіта з першых дзён жніўня кіраўнік дзяржавы пачаў паслядоўна казаць пра жорсткую эканомію.

Войска – скараціць, зброю – прадаць!

Вайскоўцы мусяць дакладна разумець, што мы можам, а што – не”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас нарады аб развіцці ўзброеных сілаў краіны. Гаворка ішла пра далейшае скарачэнне колькасці вайскоўцаў. Кіраўнік дзяржавы прыгадаў, што раней Беларусь мела 200-тысячнае войска, а цяпер гэтая колькасць – удвая меншая. Але гэта – толькі пачатак. “Нам такая колькасць цяпер не патрэбная, сёння не колькасць важная для ўзброеных сілаў. Аптымізацыя мае ісці ў тым самым рэчышчы, як і дагэтуль”, – заявіў Лукашэнка.

Галоўнакамандуючы таксама казаў пра лішкі ўзбраення, якія “ў прынцыпе не патрэбныя”. “Тых, хто жадае набыць гэтую зброю, сёння дастаткова, – заявіў ён. – Калі мы недзе можам прадаць яе, то гэта трэба зрабіць”.

Навукоўцам: шукайце грошы самі!

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, навуковая супольнасць разам з дзяржаўнымі службоўцамі ўвесь час скардзіцца на недахоп фінансавання навуковай сферы. “Так, навукаёмістасць ВУП у нас у разы меншая ў параўнанні з тэхналагічна развітымі краінамі. Але калі вы сцвярджаеце, што навука павярнулася тварам да практыкі, то чаму толькі дзяржава плаціць і мусіць плаціць за распрацоўкі навукоўцаў?” – запытаўся Лукашэнка падчас нарады ў развіцці навукі ў Беларусі.

Паводле яго, цяпер навукоўцы маюць актыўней шукаць пазабюджэтных крыніцаў фінансавання, бо дзяржава больш не будзе “выкідаць з бюджэту грошай, не атрымоўваючы аддачы”.

Лукашэнка нават назваў канкрэтны дзень, калі навуку могуць чакаць скарачэнні фінансавання: “Плаціць шалёныя грошы мы з 1 студзеня нікому не будзем, у тым ліку і навукоўцам. Навукоўцам нават у першую чаргу, бо навукоўцы – разумныя людзі, мусяць зарабіць і сабе, і дзяржаве”.

Спорт – без «шалёных грошай»

Як выявілася, “шалёныя грошы” дагэтуль былі не толькі ў навуцы, але і ў спорце. Пра гэта і пра новы прынцып фінансавання айчыннага спорту Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 жніўня: “Больш шалёных грошай у спорце не будзе. Паказаў вынік – атрымай шалёныя грошы. Няма выніку – няма грошай”.

Магчыма, спыніцца і будаўніцтва новых спартовых арэнаў, бо, паводле кіраўніка дзяржавы, жыхары ўсіх рэгіёнаў маюць магчымасць займацца практычна любым відам спорту.

Зэканомяць нават на галоўным стадыёне краіны. Раней планавалася цалкам знесці менскі стадыён “Дынама” і збудаваць на яго месцы вялікі спартовы комплекс. Але кіраўнік дзяржавы заявіў, што, “як аказалася”, за грошы, прызначаныя на знос, можна аднавіць і адрэстаўраваць той, што ёсць.

Карупцыянеры маюць… прыносіць прыбытак!

Аляксандр Лукашэнка змагаецца з карупцыяй ад свайго першага прэзідэнцкага тэрміну – вось ужо амаль дваццаць гадоў. Але выкараніць гэтую з’яву так і не ўдалося, нягледзячы нават на самыя жорсткія захады.

У крызісныя часы, карупцыянеры маюць… прыносіць прыбытак дзяржаве! “Той, хто здзейсніў злачынства (эканамічнае. – belsat.eu), абавязаны кампенсаваць шкоду ў поўным аб’ёме і панесці заслужанае пакаранне. Гэтае пытанне мусіць быць пад вашым кантролем. Трохразовая, пяціразовая выплата за выяўленыя скрадзеныя ў дзяржавы і грамадства грошы”, – заявіў кіраўнік дзяржавы падчас сустрэчы з генпракурорам і старшынём Следчага камітэту.

Пасярэднікаў – знішчыць!

Як працяг выкрывання карупцыі Лукашэнка заклікаў знішчыць схемы, паводле якіх прадпрыемствы набываюць сыравіну праз пасярэднікаў. Паводле кіраўніка дзяржавы, нярэдка гэтыя фірмы-пасярэднікі – падкантрольныя кіраўнікам прадпрыемстваў.

Кіраўнік – у турму, фірма – ліквідуецца, і больш такі прыватнік не будзе займацца прадпрымальніцтвам. Я папярэджваю трэці раз. Гэта ж складнік сабекошту. Калі вы за больш высокі кошт купляеце сыравіну, а гэта галоўны складнік у сабекошце (70 %), натуральна, вы не зможаце канкураваць на рынках”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле кіраўніка дзяржавы, такое пасярэдніцтва “трэба прыкрыць”. Займацца гэтым мусяць кантрольныя органы. “Мне выяўленне факту і доказы не патрэбныя. Патрэбная кампенсацыя стратаў прадпрыемства”, – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў