Як фестываль дапамагае адбудавацца хутару


Пад удары ў бубен, танцы капуэйра і безліч разнастайных забаваў на свежым паветры стартаваў сёння фестываль этнамузыкі “Вольнае паветра”. Шосты раз запар імпрэза на хутары Шаблі, што за сотню кіламетраў ад Менску, прыцягнула аматараў этнічных матываў.

НАВЕДНІК:

“Тут менавіта гэтая фестывальная атмасфера адчуваецца. Я калі першы раз сюды прыехаў, адразу зразумеў усё! У гэтае месца я буду прыязджаць заўсёды”.

Апроч беларусаў на імпрэзе выступяць гурты з Нямеччыны і Расеі. Сярод астатніх – асобна рэпрэзентаваная Бурація. А ў межах дапамогі музычнаму хутару, які ў сярэдзіне лета пацярпеў ад пажару, акустычны сэт заграюць вядомыя айчынныя рокеры – “Akute”.

{movie}Вольнае паветра (24.08.2013) |right|12183{/movie}

АЛЯКСАНДР ДЗЕМІДЗЕНКА, ГУРТ «RE1IKT»:

“Гэтыя мерапрыемствы не такія камерцыйна накіраваныя. Усё ж такі Шаблінскі намагаецца зрабіць кампраміс паміж творчасцю і мастацтвам ды грошамі. І людзі гэта адчуваюць”.

Гэтым разам сродкі ад прададзеных квіткоў цалкам пойдуць на адбудову галоўнага будынку сядзібы. У ноч з першага на другога ліпеня дом і некалькі тэхнічных пабудоваў хутару цалкам знішчыў агонь. З прапановамі дапамогі тут жа адгукнулася шмат знаёмых і проста неабыякавых людзей, амаль адразу быў створаны і дабрачынны рахунак.

УЛАДЗІМІР ШАБЛІНСКІ, АРГАНІЗАТАР, ГАСПАДАР ХУТАРУ:

“Яны, напэўна, адчуваюць, што згарэлы дом – у тым ліку і іхны дом таксама – тыя людзі, якія прыязджаюць сюды хаця б раз на год ці раз на тры гады. Нават часовае перабыванне тут дае ім адчуванне дому, тое, для чаго мы ўсё і робім”.

Адразу пасля сённяшняга “Вольнага паветра” будзе закладзены падмурак новага дому, у якім дадаткова запланавана і месца для музею хутару. Аднак, паводле Уладзіміра Шаблінскага, назбіраных сродкаў пакуль не стае, і казаць пра хуткае аднаўленне не даводзіцца.

З прычыны будаўніцтва ўжо адмянілі запланаваны на лета фестываль “Шаманы Шаблі”, аднак графік іншых імпрэзаў, сярод якіх і візітная картка хутару, “Вольнае паветра”, застаўся без зменаў

Кірыл Смяглікаў, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў