Натоўп і цісканіна ў Горадні. Раздавалі «халяўныя» чыпсы (фота і відэа)


У 11 беларускіх гарадах кампанія «Анега» адзначае Дзень беларускіх чыпсаў, раздаючы бясплатна свае вырабы.



У Горадні паласавацца дармовым пачастункам прыйшлі блізу 100 чалавек, сярод якіх было шмат дзяцей. Для таго, каб атрымаць пачак чыпсаў, прэтэндэнт мусіў на адмысловых картках напісаць пажаданне на адрас арганізатараў свята. Для ахвотных нарыхтавалі 50 тысячаў картак, але арганізатары былі падрыхтаваныя і да больш маштабнага сцэнара – на ўсялякі выпадак захапілі чыстыя аркушы паперы.

{movie}Натоўп і цісканіна ў Горадні. Раздавалі “халяўныя” чыпсы |right|12172{/movie}

У Горадні, праўда, картак хапіла ўсім. Людзі, аднак, стваралі цісканіну, спяшаючыся атрымаць адразу некалькі пачак чыпсаў. Некаторыя, атрымаўшы падарунак, разрывалі пачак і елі чыпсы проста на вуліцы. Хтосьці ж, узяўшы некалькі пачак, нес іх дадому.

Сабраныя пажаданні ды віншаванні плануюць захаваць для гісторыі і пасля заканчэння імпрэзы даставіць у Менск. Карткі з Горадні ды іншых гарадоў запоўняць ёмістасці ў выглядзе літараў «о», «н», «е», «г» і «а», якія ўсталююць ля Палацу Рэспублікі. Пазней канструкцыю перанясуць на тэрыторыю вытворцы чыпсаў.

Дармовыя чыпсы раздаюць сёння таксама ў парках і на плошчах Менску, Берасця, Баранавічаў, Пінску, Віцебску, Воршы, Наваполацку, Гомля, Магілёва і Бабруйску.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў