Надпіс на табліцы ў гонар расстраляных польскіх жаўнераў – змянілі


Першапачаткова памятную шыльду меліся падпісаць інакш, прызнаўся гісторык Ігар Кузняцоў.

23 жніўня, у Еўрапейскі дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму, ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам усталявалі памятную шыльду ў гонар нарадзінцаў Беларусі – вайскоўцаў польскай арміі, забітых НКУС у 1939–1941 гадах.

Табліцу ўсталяваў гісторык Ігар Кузняцоў разам з сябрамі беларускага філіялу Міжнароднага гістарычна-асветніцкага таварыства «Мемарыял».

{movie}Кузняцоў: Надпіс на табліцы ў гонар польскіх жаўнераў скарэктавалі |right|12159{/movie}

Тэкст на табліцы скарэктавалі, улічыўшы думку тых, хто быў катэгарычна супраць усталявання памятнага знаку. «У першапачатковым варыянце было гэтак: «Памяці афіцэраў польскага войска, расстраляных НКУС у красавіку 1940 – чэрвені 1941 гадоў». Сённяшні тэкст: «Памяці ўраджэнцаў Беларусі – вайскоўцаў польскай арміі, забітых НКУС у 1939–1941 гады», – заўважыў гісторык. Паводле яго, такі надпіс пашырае храналагічныя межы падзеяў, якія узгадваюцца, а таксама аддае пашану радавым жаўнерам, а не толькі афіцэрам.

Кузняцоў падкрэсліў, што ў Курапатах трэба ўшанаваць памяць усіх забітых, незалежна ад нацыянальнасці: «Улічваючы, што мы ўшаноўваем памяць менавіта нарадзінцаў Беларусі, трэба памятаць, што там былі і палякі, і беларусы, і габрэі, і ўкраінцы, і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў». Гісторык адзначыў, што табліца – гэта не мемарыяльны знак, усталяванне якога трэба ўзгадняць з рознымі міністэрствамі, і яна не парушае цэласнасці Курапатаў.

Спадар Кузняцоў мяркуе, што ўсталяваная ім табліца правісіць таксама нядоўга. Паводле ягоных прагнозаў, ад некалькіх гадзінаў да некалькіх дзён.

Папярэднія памятныя знакі польскім ваярам, усталяваныя ў Курапатах, знікалі вельмі хутка. Усталяваны на пачатку снежня 2012 года крыж па польскіх афіцэрах прастаяў усяго тры дні. Першы раз афіцэраў польскага войска ўшанавалі ў Курапатах 29 кастрычніка, але знак скралі на наступны дзень. На месцы скрадзенага крыжа былі заўважаныя актывісты КХП БНФ, але яны патлумачылі, што толькі прыбіралі тэрыторыю.

Адзін з лідараў КХП БНФ, Валер Буйвал, лічыць, што Ігар Кузняцоў займаецца ў Курапатах правакацыямі «з мэтаю выклікаць непаразуменне паміж беларусамі ды палякамі».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў