Пасла Беларусі ў Літве выклікалі ў МЗС


Дыпламат Уладзімір Дражын выслухаў прэтэнзіі літоўскага боку да грамадскіх слуханняў наконт будовы беларускай АЭС у Астраўцы.



Віцэ-міністр замежных справаў краіны Раландас Крышчунас заклікаў Беларусь “выконваць міжнародныя абавязкі ды імкнуцца да канструктыўнага і карэктнага дыялогу ў сувязі з рэалізацыяй праекту беларускай АЭС у Астраўцы”, – цытуе палітыка прэс-служба літоўскага Міністэрства замежных справаў. “Нельга ісці на кампрамісы за кошт ядравай бяспекі. Распачатая ў апошні час невытлумачальная спешка не дапушчальная, а выкананне міжнародных абавязкаў, перш за ўсё Канвенцыі Эспаа, у выпадку беларускай АЭС не можа быць толькі фармальным”, – заявіў літоўскі чыноўнік беларускаму дыпламату.

Віцэ-міністр падкрэсліў: галоўная мэта Літвы – бяспека гэтага аб’екту ў Беларусі, якой яна будзе паслядоўна дамагацца, бо нядбайная рэалізацыя праекту можа адбіцца на грамадзянах не толькі Беларусі, але і Літвы, на іхным праве на бяспечнае навакольнае асяроддзе.

Вільня нагадвае, што сёлета 15 красавіка Камітэт рэалізацыі Канвенцыі Эспаа даў ацэнку пададзеным Беларуссю дакументам і канстатаваў, што Беларусь не падала Літве інфармацыі, неабходнай для ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў сувязі з праектам беларускай АЭС, і такім чынам парушыла Канвенцыю Эспаа. Камітэт звярнуў увагу на тое, што кансультацыі маюць каштоўнасць толькі ў тым выпадку, калі падалі ўсю запытаную інфармацыю.



“Беларусь у чэрвені даслала перакладзеную на літоўскую мову справаздачу аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе за 2011 год, у дачыненні да якога ўжо была сфармуляваная негатыўная выснова Камітэту Эспаа, і прыняла аднабаковае рашэнне правесці публічнае прэзентацыйнае мерапрыемства ў Астраўцы”
, – сказана ў паведамленні МЗС.

Варта адзначыць, што слуханні ў Астраўцы не былі прызнаныя не толькі афіцыйнаю Вільняю, але шэрагам экалагічных арганізацыяў Беларусі ды Літвы.

УШ, паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў