Хімічная атака ў Сірыі: сотні забітых


Паводле папярэдніх звестак, нервова-паралітычны газ зарын ужылі ўрадавыя войскі, забіўшы, як падаюць паўстанцы, 1300 чалавек, сярод якіх жанчыны і дзеці.

Лідары паўстанцаў заклікаюць сабраць надзвычайнае паседжанне Рады Бяспекі ААН. Журналісты здолелі зняць месцы атакі ды перапоўненыя шпіталі Дамаску. Здымкі настолькі жахлівыя, што мы можам паказаць толькі некалькі фота. На відэа ж бачныя ахвяры з пашыранымі зрэнкамі ды пенаю на вуснах – відавочныя прыкметы атручвання зарынам.

Як падаюць мясцовыя дактары, лічба ахвяраў сягае некалькіх соцень, паўстанцы сцвярджаюць, што забітых больш за тысячу, а сірыйскія ўлады зняпраўджваюць абвінавачанні ва ўжыванні зарыну.

Сітуацыя неадназначная, бо раней адмысловая камісія ААН прыйшла да высновы, што хімічную зброю ўжывалі акурат паўстанцы. Да таго ж з нядзелі ў краіне дзее місія ААН, якая спрабуе канчаткова разабрацца ў тым, хто абстрэльвае цывільныя раёны зарынам. Таму з боку лаялістаў было б прынамсі неразумна абстрэльваць прадмесці сталіцы, якая, дарэчы, кантралюецца ўрадавымі войскамі менавіта цяпер.

УШ, belsat.eu

Стужка навінаў