“БНФу даўно няма, таго, які я ствараў”


Кажа адзін з заснавальнікаў партыі Юрый Хадыка

Скончыўся сойм ПБНФ, на якім далі афіцыйны адказ 86 чальцам арганізацыі, якія днямі пакінулі ейныя шэрагі.

Пасля заканчэння паседжання ветэран партыі Юрый Хадыка падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі: “Разумееце, БНФ існуе больш за 20 гадоў. Існуе ў межах рэжыму, які трываць не можа апазіцыю, тым болей такую радыкальную, як Беларускі Народны Фронт. Зразумела, што ўвесь БНФ прасякнуты агентамі ўплыву, а некаторыя, праз сваю абмежаванасць, раз за разам прымаюць няправільныя рашэнні. Гэтая сітуацыя склалася, калі мы, і я ў тым ліку, падтрымалі Мілінкевіча. Чалавек ён, здаецца, дастаткова адукаваны. Але ён адразу паставіў сябе вышэй за ўсіх, і ў тым ліку за партыю. Ён раскалоў партыю, забраў вялікую колькасць актывістаў, якім патрэбныя былі грошы. І ў выніку ў нас БНФ даўно няма, таго, які я ствараў. Замест гэтага мы маем арганізацыю, якая арыентуецца на згодніцтва”.

Паводле спадара Хадыкі, палітыка ПБНФ мае будавацца на адзінстве нацыі, у той час як на паседжанні сойму кіраўніцтва ўвесь час падкрэслівала ідэалагічныя адрозненні ды шукала падабенства паміж ПБНФ ды іншымі палітычнымі сіламі ў краіне. “Хай будзе не пяць чалавек, а адзін, што рэпрэзентоўваў бы апазіцыю. А такога няма. Сённяшні дакладчык спасылаўся на “асабістыя разыходжанні. Дык вось, такой палітыкі, дзе праблемы персанальныя стаяць вышэй за патрэбы беларускага народу, мне не трэба”, – патлумачыў Юрый Хадыка свой сыход з БНФ.

Што датычыць супрацы з камандай Андрэя Саннікава падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў, спадар Хадыка не бачыць тут нічога дзіўнага. Пасля таго, як стала відавочна, што абраць адзінага кандыдата дэмакратычныя сілы не ў стане, Юрый Хадыка і іншыя былыя сябры ПБНФ падтрымалі таго кандыдата, які найбольш адпавядаў іхным уяўленням.

belsat.eu

Стужка навінаў