Жанчына памерла ў чаканні правасуддзя


Больш за 1,5 году кожны другі чацвер яна прыходзіла на прыём да генеральнага пракурора.

З 2006 г. Ірына Паплаўская дамагалася разгляду сваёй скаргі на высяленне з жытла, якое забрала дзяржава.

“У 2006 Ірыну сілком выселілі з кватэры, дзе яна жыла разам са сваім былым мужам. Усе рэчы вывезлі на склад ЖКГ, там яны сталі непрыдатныя”, – распавяла акалічнасці справы юрыстка Тамара Сяргей.

Спадарыня Сяргей апякае групу жанчын, што пацярпелі ад супрацьпраўных дзеянняў беларускага правасуддзя. У яе склад уваходзіла і 63-гадовая Ірына Паплаўская, інвалідка другой групы. Юрыст гаворыць, што паводле закону жанчыне мусілі вярнуць кватэру: “Але ж вы ведаеце: што трапляе ў рукі дзяржавы, атрымаць назад ужо немагчыма”.

Жанчына неаднаразова пісала скаргі, у адказ атрымлівала адпіскі. У снежні 2010 г. Тамара Сяргей разам з Ірынай Паплаўскай трапілі на прыём да старшыні Вярхоўнага Суда Валянціна Сукалы. Чыноўнік абяцаў перагледзець яе справу ў адпаведнасці з законам, аднак праз месяц ізноў прыйшла адпіска.

Увесь гэты час жанчына вымушаная была туліцца па сваяках. “Кожны другі чацвер месяца, пачынаючы з ліпеня 2009 г., мы імкнемся трапіць на прыём да генеральнага пракурора, аднак з панядзелка Рыгор Васілевіч пайшоў у адпачынак. Паведаміць аб гэтым Паплаўскай мы не змаглі, бо сталая сувязь з ёй адсутнічае”, – распавядае Тамара Сяргей.

10 лютага Ірына Паплаўская прыехала ў Менск, амаль на прыступках Генеральнай пракуратуры ёй стала дрэнна. “Хуткая” завезла пенсіянерку ў шпіталь, дзе ўначы з 10 на 11 лютага яна памерла.

belsat.eu

Стужка навінаў