Цёмныя акуляры беларускай палітыкі: Як адпачывае апазіцыя?


Янукевіч паехаў на парыжскі авіясалон, Мілінкевіч склаў радавод… «Белсат» пацікавіўся ў апазіцыйных лідараў, дзе і як яны праводзяць лета.

Янукевіч паехаў на авіясалон

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у вольныя дні накіраваўся з сябрамі на Парыжскі авіясалон «Ле Буржэ» (Le Bourget), а пасля тыдзень вандраваў па Францыі ды Аўстрыі. Штодня наведвалі па два-тры гарады, сярод іх Ліён, Марсэль, Зальцбурґ, былі ў Альпах. Шмат чаго хацелася паглядзець, таму назваць паездку адпачынкам у фізічным сэнсе не выпадае. Затое ўражанняў засталося вельмі шмат. Спадар Янукевіч любіць адпачываць і каля вады – не важна, Балтыка гэта, Крыт ці родная Нарач.

Мілінкевіч склаў радавод

Лідар руху «За свабоду» традыцыйна праводзіць адпачынак у вёсцы Бершты, дзе яму застаўся ў спадчыну дом ля возера. «Там грыбы, рыбалка, людзі харошыя», – распавядае спадар Аляксандр. «І нарэшце можна добра выспацца», – падказвае жонка Іна Кулей. Побач з Берштамі – Новы Двор з драўляным барокавым касцёлам, у якім захаваліся дакументы XVII стагоддзя. Дзякуючы ім спадар Мілінкевіч падчас адпачынку склаў свой радавод па матчынай лініі. Дарэчы, у навадворскім касцёле захаваўся адзін з нешматлікіх абразоў апекуна паляўнічых – святога Губэрта, алень якога ўпрыгожвае герб Горадні.

Шушкевіч будуе кабінет

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч пажартаваў, што ўвесь час у адпачынку, бо не мае сталае працы. А калі і запрашаюць на канферэнцыі ці выступіць з лекцыяй, дык для яго гэта прыемнасць, ад якой ён не стамляецца. «У чэрвені чытаў лекцыі ў Варшаўскім універсітэце, пасля правяраў магістарскія працы. Маю запрашэнні на некалькі прэстыжных мерапрыемстваў у Вену, Прагу і Варшаву. Для мяне такія паездкі – як адпачынак».

Шмат часу спадар Станіслаў праводзіць на лецішчы. Жонка вырошчвае гуркі-памідоры-перцы, дзякуючы чаму на рынак па гародніну іхная сям’я ніколі не купляе. А гаспадар Шушкевіч ставіць прыбудову, дзе будзе ягоны кабінет, у які ён плануе «нікога не пускаць».

Някляеў піша творы

З лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева толькі нядаўна знялі абвінавачанне. Паводле яго, лепшага адпачынку яму і не трэба. Нарэшце ён можа выязджаць з Менску, таму летнія дні праводзіць у родным Крэве. Там застаўся дом ягонага дзеда, дзе спадар Някляеў цяпер піша літаратурныя творы.

Калякін быў у партыйным летніку

Лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін правёў 10 дзён на роднай Віцебшчыне, у Чашніцкім раёне. Дапамагаў маці.

А некалькі дзён таму спалучаў працу з адпачынкам на возеры Белае, што пад Берасцем. Там партыйцы рабілі летнік і жылі ў намётавым гарадку. У выніку – і адпачыў, і новых чальцоў у «Справядлівы свет» прыдбаў. Імпрэза ладзілася якраз дзеля таго, каб прыцягнуць да партыйнага жыцця моладзь. Праўда, шырокай рэкламы напярэдадні рабіць было нельга, з прычыны канспірацыі. «Але хто хацеў, той трапіў: была інфармацыя на сацыяльных сетках», – падсумаваў спадар Калякін.

Лябедзька не адпачываў улетку з 1995 года

Лідар АГП Анатоль Лябедзька прызнаўся «Белсату», што з 1995 года сёлета першы раз зрабіў сабе адпачынак улетку. Тыдзень правёў у сяброў у Будапешце і 3 дні ў Паланзе. Ён не любіць «плавіцца як сырок» на пляжы, таму звычайна едзе ўзімку на горныя лыжы – пабываў ужо ў Польшчы, Славаччыне, Чэхіі, а апошнім разам скараў Альпы: «Кошты – як у Сілічах».

Рымашэўскі раіць Браслаўшчыну і Паланґу

Лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі раіць усім пабываць на Браслаўскіх азёрах, дзе сёлета ён з сям’ёю адпачываў у знаёмых. Апроч таго, падчас працоўнай паездкі ў Літву ўдалося яшчэ выкраіць тыдзень, каб паехаць у Паланґу, таму спадар Віталь лічыць сёлетні адпачынак самым доўгім і ўдалым за апошнія 7 гадоў.

Яськова больш за ўсё любіць лецішча

Кіраўніцу зліквідаванай, але дзейнай Беларускай партыі жанчын «Надзея» Алену Яськову мы засталі якраз у адпачынку – на дачы пад Менскам. Там – ровар, грыбы, ягады, дзеці прыязджаюць. Што яшчэ трэба? Праўда, інтэрнэт і тэлефон заўсёды пад рукою, бо людзі звяртаюцца па юрыдычныя кансультацыі. Хоць спадарыня Алена любіць сваё лецішча, сёлета ў планах – двухтыднёвая паездка ў крымскі Судак. А з усіх падарожжаў ёй найбольш запомнілася вандроўка з мужам у Парыж, прымеркаваная да срэбнага вяселля. Было гэта 3 гады таму.

Вештард адпачынку не плануе

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ірына Вештард лецішча не мае і ў адпачынак не збіраецца: няма ні часу, ні сродкаў. Але падарожнічаць вельмі любіць: яшчэ ў савецкія часы, калі працавала настаўніцаю і школьным інспектарам, аб’ехала сталіцы ўсіх 15 рэспублік. З іх найбольш спадабаліся Баку, Ерэван і Тбілісі.

Статкевіч: за кратамі

Лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч ужо трэцяе лета вымушана праводзіць за кратамі. Яго затрымалі ў таксоўцы пасля акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года і асудзілі да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У студзені 2012 года рэжым змянілі на больш жорсткі: перавялі ў крытую турму. Напярэдадні дня народзінаў пасля таго, як яму аказалі медычную дапамогу, ён страціў прытомнасць.

«Белсат» не змог звязацца з выканаўцам абавязкаў старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ у Беларусі Юрыем Беленькім. Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў не прыняў удзелу ў апытанні.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў