На вуліцах з’явіліся сметніцы-«шпіёны»


У сметніцы-«шпіёны» ўбудаваныя прылады, што спісваюць звесткі са смартфонаў людзей, якія праходзяць побач.

Непрабівальныя выбуховымі прыладамі кантэйнеры для адкідаў з’явіліся ў фінансавым квартале Лондану напярэдадні леташняй Алімпіяды. Датуль тут сметніцаў амаль не было: баяліся, што тэрарысты падкінуць туды выбухоўку. У выніку сотні бясплатных газетаў і ўлётак, якія раздаюцца мінакам, валяліся пад нагамі.

На 100 новых кантэйнерах ёсць экраны, з якіх можна прачытаць навіны, рэкламу і грамадскія абвесткі. Напярэдадні лета фірма-дастаўца «Renew» абсталявала частку ёмістасцяў прыладамі, якія сцягваюць інфармацыю са смартфонаў мінакоў. Лонданцаў, якія пра гэта даведаліся, навінка вельмі насцярожыла. Генеральны дырэктар «Renew» Кавэ Мэмары (Kaveh Memari) цвердзіць, што баяцца няма чаго, бо мэта фірмы – усяго толькі палічыць, колькі людзей праходзяць побач, і вызначыць, ці адпаведнае месца абранае для ўсталявання пэўнай сметніцы. Паводле яго, гэта ўсё адно як бы газета пралічвала свой наклад.

Сметніцы ідэнтыфікуюць тых, на чыім смартфоне ўключаны бяздротавы інтэрнэт, і сцягваюць унікальны нумар прылады, вядомы як адрас МАС (media access control). Дзякуючы тэхналогіі, можна даведацца, на якой адлегласці ад сметніцы прайшоў уласнік смартфона, хуткасць яго руху і назву фірмы, якая зрабіла сам смартфон. Хоць звесткі збіраліся ананімна, фірма прайграла судовы працэс лонданскаму Сіці і цяпер мусіць адмовіцца ад свайго вынаходства.

Аднак паводле Кавэ Мэмары, як далёка ні зайшоў бы такі метад збору маркетынгавай інфармацыі, у базу фірмы ніколі не трапяць прыватныя звесткі, напрыклад, імя і прозвішча ўладальніка смартфона. Менеджар упэўнены, што тэхналогія будзе развівацца далей, і ўжо праз 5–10 гадоў пры дапамозе такіх «шпіёнаў» можна будзе вызначыць, як часта ўладальнік таго ці іншага смартфона карыстаецца пэўным маршрутам і ля якіх крамаў часцей праходзіць.

Адмысловец у ахове таямніцы прыватнага жыцця Пітэр Ґуч (Peter Gooch) кажа, што адсочванне фірмамі звестак пра карыстальнікаў інтэрнэту даўно зрабілася вялікім бізнесам, і гэтая тэндэнцыя будзе толькі ўзмацняцца.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў