Кастынг на ролю Каліноўскага распачаўся


Хто згуляе галоўнага героя п’есы Уладзіміра Караткевіча «Кастусь Каліноўскі» і ці выбралі сабе ролі Зінаіда Бандарэнка ды Вера Буланда?

Вядомы беларускі мастак Мікола Купава намаляваў 3 партрэты Кастуся Каліноўскага, а цяпер пастанавіў стаць прадзюсарам і рэжысёрам аматарскай пастаноўкі п’есы пра аднаго з галоўных беларускіх герояў. Спектакль паставяць 22 сакавіка 2014 года да 150-годдзя з дня смерці Каліноўскага на шыбеніцы. «Мы хочам, каб такім чынам Каліноўскі ўваскрос», – патлумачыў Мікола Купава, дадаўшы, што беларускія тэатры сёння на героя забыліся.

16 жніўня мастак сабраў усіх ахвочых прыняць удзел у праекце на сустрэчу ва ўправе Партыі БНФ у Менску. Прыйшлі тыя, хто гатовы выступіць у якасці актора, сцэнарыста, касцюмера, кампазітара. «Будзе тытанічная праца, і ніякай аплаты ў нас няма», – папярэджвае Мікола Купава.

Хто будзе Кастусём?

Кандыдатаў на галоўную ролю было 2. Актор-пачатковец Аляксей Сапрыкін з тэатру БДУ «На балконе» не ўпэўнены, што атрымае згоду. Але прызнаецца, што марыць выканаць ролю Каліноўскага. Яго ён лічыць абразом, на які трэба раўняцца ўсім беларусам. Другога кандыдата прапанаваў Мікола Купава: «Сваім спрактыкаваным вокам бачу вас Каліноўскім», – сказаў ён на адрас відэааператара Аляксандра Антаневіча, які абяцаў падумаць над прапановаю.

Мужны, добры і крыху падобны да Някляева

«Самае галоўнае ў Кастусю Каліноўскім – гэта абвостранае пачуццё справядлівасці, адвага, імкненне несці людзям дабро, – кажа паэтка Вера Буланда, сябра журы ў адборы ўдзельнікаў праекту. – Якім я бачу актора на галоўную ролю? Вонкава ён, напэўна, павінен быць такім, як выглядае Кастусь на апошніх сваіх здымках. На іх ён адначасова ваяўнічы і добры, у вачах нейкая глыбокая задуменнасць».

На пытанне, ці ёсць сярод вядомых ёй сучасных айчынных палітыкаў, дзеячаў культуры, вайскоўцаў асобы, падобныя, вонкава ці унутрана, на Каліноўскага, Буланда адказвае: «Можа, у Някляеве ёсць нешта такое. Але, думаю, наўрад ці пайшоў бы ён далей, як зрабіў гэта Каліноўскі».

«Для мяне вобраз Кастуся Каліноўскага ўжо створаны і ўстаяўся, – зазначае Мікола Купава. – Я зрабіў 3 ягоныя партрэты, прычым не адразу, а паслядоўна. Бо быў незадаволены тым, што атрымалася, і потым у сваёй выставачнай дзейнасці вяртаўся то да першага варыянту, то да другога, і, нарэшце, да трэцяга. Якім яго ўяўляю ў спектаклі? Яму 25 гадоў, чалавек энергічны, мужны, які не можа здрадзіць ні сваім бацькам, ні сябрам, ні свайму народу”.

Ці прымерыць Зінаіда Бандарэнка вобраз Беларусі?

Народная артыстка Беларусі, вядомая дыктарка Зінаіда Бандарэнка ўважае Каліноўскага за галоўнага беларускага героя і кажа, што Караткевіч ягоны вобраз вывеў слушна: «Я лічу, што гэты спектакль мусіць быць візітоўкаю і нашага Купалаўскага тэатру, і ўсіх тэатраў, якія працуюць на беларускай мове. Таму што спектакль не проста на гістарычную тэму – ён гучыць вельмі сучасна».

Падчас працы над спектаклем Зінаіда Бандарэнка будзе сачыць за маўленнем актораў. Яна прызнаецца, што любіць працаваць з моладдзю: «Калі я чую няправільнае вымаўленне, мне хочацца падказваць і раіць». Самая яна не ведае, ці будзе выконваць нейкую ролю: «Як атрымаецца. Думаю, праз месяц мы будзем ведаць».

А вось Вера Буланда лічыць, што народная артыстка вельмі пасуе да ролі Беларусі: «Я, калі перачытала п’есу, марыла выканаць ролю Беларусі. Але гэтая роля больш пасуе Зінаідзе Бандарэнцы – яна ўся такая светлая, пастава ў яе чыстай прыгожай беларускі. Канечне, гэта роля ейная. А мне б магла выпасці роля або Гаўрыліхі, або Яўхіміхі. На гэтыя ролі народныя, чыста беларускія, я і згодная: думаю, што я дам рады з імі».

Вера Буланда дакладна ведае, што будзе дапамагаць з рэжысураю: «Я сцэнарыстка, у мяне ўжо кніга сцэнароў выйшла. Я ведаю, што магу зрабіць гэтую п’есу больш сціслаю і не выкінуць самага мудрага, самага харошага». Яна кажа, што ў дзяцінстве чытала кнігу Алеся Якімовіча «Кастусь Каліноўскі», а пасля, калі выкладала ў школе, нават пісала п’есу для спектакля пра яго. Самая яна мае акторскую адукацыю, займалася ў тэатры мастацкага чытання Андрэя Каляды.

АК, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў БелаПАН

Стужка навінаў