Беларусы ляцяць на адпачынак у Егіпет, нягледзячы на небяспеку


Хваляванні ў Егіпце дакаціліся да курортных зонаў. Турыстаў закране таксама каменданцкая гадзіна, але ахвотных на адпачынак у Егіпце беларусаў – не бракуе, паведамляюць турфірмы.



Падчас апошніх закалотаў у Егіпце загінулі 149 чалавек, а колькасць пацярпелых перавышае 1400 чалавек, падае polit.ru. На ўсёй тэрыторыі Егіпту абвешчаны рэжым надзвычайнага становішча, які будзе дзеяць цягам месяца. На чым будзе палягаць гэты рэжым, не ўдакладняецца. Год таму гэтая захада абмяжоўвала правы і свабоды грамадзянаў.

Урад Егіпту ў сувязі з сутыкненнямі паміж прыхільнікамі былога прэзідэнта краіны Мэгэмэда Мурсі ды паліцыянтамі ўвёў каменданцкую гадзіну ў Каіры ды яшчэ ў 11 правінцыях краіны, у тым ліку ў некаторых турыстычных зонах, перадае AFP. Турысты не змогуць шпацыраваць па вуліцах з 19-й гадзіны вечара да 6-й гадзіны ранку – на курортах Паўднёвага Сінаю (Шарм-эш-Шэйх, Дагаб, Нуўэйба і Таба).

Беларусы ж па-ранейшаму ахвотна едуць у Егіпет.

Каір. Фота wikipedia.orgКаір. Фота wikipedia.org«Самі нават прыходзяць і кажуць, што хочуць ехаць у Егіпет», – распавялі «Белсату» ў турыстычным агенцтве «Фартуна Тур».

«А куды беларусам можна яшчэ паехаць без візы, апрача Егіпту і Турцыі? – адзначыла намесніца дырэктара турфірмы «Л-Турс» Алена Бялько. – Таму і абіраюць Егіпет, што туды не трэба візы. Цяпер шмат на якіх прыватных фірмах працаўнікі атрымалі адпачынкі без папярэджання, бо няма працы, і проста не змаглі б за кароткі тэрмін адкрыць сабе візу ў іншыя краіны».

Шмат хто набывае гарачыя пуцёўкі, каб было танней, таму таксама зацікаўленыя Егіптам, куды не патрэбная віза і дзе можна адпачыць нават за 400 долараў. У параўнанні з леташнім годам колькасць турыстаў у Егіпет скарацілася нязначна. Ад «Л-Турс» у Егіпет вылятаюць штотыдзень у сярэднім 350 чалавек, распавяла намесніца дырэктара. «Пакуль ніякіх скаргаў або сігналаў пра небяспеку ў турыстычных зонах ад кліентаў да нас не паступала», – падкрэсліла спадарыня Бялько.

Матэрыял “Аб’ектыву” пра сітуацыю ў Егіпце:{movie}Матэрыял “Аб’ектыву” пра сітуацыю ў Егіпце|right|12059{/movie}

Калі адмаўляюцца, то сем’і з дзецьмі

У турагенцтве «Фартуна Тур» «Белсату» распавялі, што часам кліенты сапраўды адмаўляюцца ад вылету ў Егіпет, але гэта адбываецца даволі рэдка, і на такія крокі ідуць толькі сем’і з дзецьмі, занепакоеныя сітуацыяй у паўночнаафрыканскай краіне. «Калі б тураператар меў інфармацыю, што там сапраўды небяспечна, вылет адмянілі б», – адзначыла працаўніца фірмы.

Паводле звестак «Фартуны Тур», у пачатку ліпеня з беларускімі турыстамі ў Егіпце здарыўся інцыдэнт: іх напалохалі чуткі пра перастрэлку побач. «Тады тых, хто хацеў, тураператар эвакуяваў на радзіму, а ахвотных застацца перасялілі папросту ў іншы гатэль, падалей ад небяспекі», – адзначыла працаўніца турагенцтва.

У выпадку, калі беларускае Міністэрства замежных справаў абвесціць, што сітуацыя ў Егіпце сапраўды небяспечная, тураператар бясплатна мусіць эвакуяваць кліентаў. За перарваны адпачынак прадугледжваецца таксама грашовая кампенсацыя.

МЗС рэкамендуе не спяшацца ў Егіпет



Дазваніўшыся ў Міністэрства замежных справаў, «Белсат» даведаўся ад прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных, што пацярпелых сярод беларусаў у Егіпце няма. «Мы працягваем аналізаваць сітуацыю ў краіне, і калі будзе патрэбна, абвесцім пра эвакуацыю», – адзначыў спадар Савіных.

Пакуль жа МЗС рэкамендуе грамадзянам Беларусі, якія плануюць свой адпачынак у рэгіёне, устрымацца ад наведвання Егіпту. А тым беларусам, якія цяпер у Егіпце, МЗС раіць не выязджаць за межы курортных зонаў, адмовіцца да наведвання Каіру і буйных гарадоў, пазбягаць натоўпаў і праяўляць павышаную абачлівасць.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў