Замест ахоўвання – збіваюць і нявечаць


У чарадзе выпадкаў гвалту працаўнікоў службы бяспекі над пакупнікамі цяпер з’явілася і смерць. Іван Губар, зверскі збіты ахоўнікам менскай крамы “Валгаград” 30 чэрвеня, гэтак і не выйшаў з комы. У мінулы чацвер маладзёна не стала, пра што сёння медыям паведамілі ягоныя сваякі. Таму, ад чыіх пабояў памёр Іван, цяпер пагражае… два гады пазбаўлення волі.

{movie}Смяротны фінал|right|12057{/movie}

АЛЯКСАНДР ГЕРАСІМАЎ, СЛЕДЧЫ КАМІТЭТ МЕНСКУ:
“Пакуль што справа расследуецца паводле артыкулу 155, узбуджаная супраць ахоўніка. “Прычыненне менш цяжкага пашкоджання”. І пакуль што перакваліфікацыі не адбывалася. Рэч у тым, што крымінальная справа была ўзбуджаная яшчэ тады, калі чалавек быў жывы”.

Расследаванне працягнулі да пачатку верасня. Аднак ці перакваліфікуюць справу на больш цяжкі артыкул? Праваабаронцы з арганізацыі “Платформа”, да якіх сваякі Івана спачатку звярнуліся па дапамогу, але затым нечакана перасталі выходзіць на сувязь, сумняюцца.

АНДРЭЙ БАНДАРЭНКА, АРГАНІЗАЦЫЯ «ПЛАТФОРМА»:
“Хутчэй за ўсё, мяккасць артыкулу тлумачыцца тым, што ўсялякімі шляхамі структуры МУС намагаюцца абяліць сваіх колішніх працаўнікоў. Гэта што датычна тых справаў, якія вядзе “Платформа”. І ў выпадку з ахоўнікамі мы бачым, што гэтыя справы або зацягваюцца, або пераходзяць у шэраг такіх, калі ўжываюцца “мяккія” артыкулы”.

У Следчым камітэце, аднак, з высновамі раяць не спяшацца.

АЛЯКСАНДР ГЕРАСІМАЎ, СЛЕДЧЫ КАМІТЭТ МЕНСКУ:
“Было шмат пытанняў да самога пацярпелага. У нас ёсць экспертызы, паводле якіх у ім былі тры розныя віды наркотыкаў і дастаткова моцнае алкагольнае ап’яненне. То бок ён сам быў неадэкватны. У нас ёсць сведкі, якія паказалі, што ахоўнік нейкіх асабліва неўтаймаваных дзеянняў, якія б маглі нанесці цялесныя пашкоджанні, не рабіў. Наадварот, пацярпелы спрабаваў адбівацца, падаў і г. д.”.

Аднавіць той трагічны вечар, пасля якога Іван з разбітай галавою трапіў у рэанімацыю, намагаліся і ягоныя сваякі. Аднак на просьбу сям’і пра дапамогу аніводны сведка дагэтуль не адгукнуўся.

КАЦЯРЫНА ГУБАР, СЯСТРА ІВАНА ГУБАРА:
“Шукаем, шукаем… Усё адно шукаем. Пакуль што гэта ўсё закрытая інфармацыя. Гэтым ужо ўсім цяпер займаецца Следчы камітэт”.

Пакуль жа адзіным прыкладам пакарання для ахоўнікаў-садыстаў сталася звальненне працаўнікоў службы бяспекі гомельскага цэнтру “Еўраопт”, якія ў мінулую суботу збілі пакупнікоў нібыта за неаплочаную шакаладку. У той самы дзень, калі ў Менску хавалі Івана Губара. Аднак ці гэта пакаранне? З “Аб’ектывам” звязалася гамяльчанка, якая была сведкаю іншых, больш ранніх інцыдэнтаў з удзелам тых самых ахоўнікаў.

ПАЛІНА РОКУС, СВЕДКА БОЙКІ:
“Усе нападалі, як зграя, на аднаго чалавека. І мы запатрабавалі, каб гэтую зграю звольнілі. І гэтай зграі я потым не бачыла. Я часцяком хадзіла сюды, у “Еўраопт”, і не бачыла гэтай зграю прыкладна месяц. А затым у адзін цудоўны дзень я прыходжу і бачу, што яны зноўку працуюць”.

А гэта азначае, што прынамсі пакуль смяротная кропка ў чарадзе гвалту ахоўнікаў над пакупнікамі – гэта толькі шматкроп’е…

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў