Вяскоўцы на Палессі пратэстуюць супраць забойства свіней


«Знішчаюць нас, знішчаюць нашыя землі, каб мы не жылі, а існавалі… Як толькі чалавек падымецца, значыць трэба ўтаптаць яго ў зямлю…» – прамаўляла адна з удзельніц стыхійнага мітынгу.

{movie}Мітынг у вёсцы (аўдыё)|right|12044{/movie}

Сход вясковых жыхароў, якія выказалі мясцовым уладам прэтэнзіі з нагоды загаду знішчаць свіней, адбыўся ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну (Берасцейшчына). Больш за 100 вяскоўцаў сабраліся каля сельсавету. Людзі вельмі абурана выказвалі сваю нязгоду з рашэннем райвыканкаму аб ліквідацыі пагалоўя свіней на прыватных падворках:

«Чаму я ў адпаведнасці з тым жа ўказам прэзідэнта аб вядзенні асабістых падсобных гаспадарак павінен забіваць сваіх свіней? Калі мы не трапляем ні пад якія зоны?.. З народам нельга так па-свінску абыходзіцца! Вы седзіце ў кабінетах, і вам трэба справаздачыцца, што вы, маўляў, такія і такія зрабілі захады… А мы – проста расходны матэрыял, нас проста можна бартануць і ўсё», – выступаў мужчына.

«Мы не можам адкласці, бо не ў нашай кампетэнцыі гэтыя пераносіць тэрміны», – апраўдваўся адзін з прысутных чыноўнікаў.

«Калі б была сапраўдная ўлада, яна б пачула людзей, яна зразумела б, які гэта боль… Як гэта можна так рабіць? У нас не вайна, у нас няма выбузу, то няхай свінаферму прыбіраюць!» – з горыччу скардзілася пенсіянерка.

Вяскоўцы патрабавалі перагляду рашэння райвыканкаму або хаця б перанясення тэрміну знішчэння свіней. Вяскоўцы маюць намер апратэставаць рашэнне бярозаўскіх чыноўнікаў у звароце да старшыні аблвыканкаму Канстанціна Сумара.

Сваё падтрыманне жыхарам Сяльца прапанавала і грамадзянская кампанія «Гавары праўду!». Абласны каардынатар кампаніі Валянцін Лазарэнкаў, які прысутнічаў на сходзе, сказаў: «Улады парушылі закон аб пракуратуры, аб судзе, паводле якога грамадзяне маюць права абскардзіць любое рашэнне аблвыканкаму ці райвыканкаму».

У выніку сходу чыноўнікі паведамілі, што рашэнне райвыканкаму аб ліквідацыі прыватных свіней не адменяць, а вяскоўцы пастанавілі, што будуць дабівацца яго адмены праз вышэйшыя інстанцыі.

Паводле рашэння Бярозаўскага райвыканкаму, у 5-кіламетровай зоне ад свінафермаў, што належаць мясцоваму камбікормаваму камбінату, трэба забіць свіней на прыватных падворках. Агулам гэта 17 вёсак. У выпадку, калі людзі не знішчаць свіней, ім пагражаюць адміністратыўнаю ды нават крымінальнай адказнасцю.

Гэтак мясцовыя ўлады мяркуюць абараніцца ад распаўсюджвання ў раёне афрыканскай чумы свіней.



Паказаць Мапу барацьбы са свіной чумой у Беларусі 2013 у вялікім фармаце

На Берасцейшчыне ўжо рабілі гэткія захады для барацьбы з афрыканскаю чумою – загадалі забіць свіней у вёсцы Краглевічы Івацэвіцкага раёну. Людзі Бярозаўшчыны абураныя, што афіцыйна паводле пастановы Міністэрства сельскай гаспадаркі толькі тры раёны Берасцейшчыны: Баранавіцкі, Пружанскі і Івацэвіцкі – патрабуюць дадатковых крокаў у барацьбе з хваробаю.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў