Улады правяраюць інфармацыю пра беларуску, схопленую ў палон у Сірыі


«Мы заклапочаныя паведамленнем аб выкраданні. Цяпер мы дакладна вывучаем паступленне гэтага матэрыялу. Задзейнічалі нашую амбасаду ў Сірыі ды іншыя кантакты. Рабіць нейкія высновы пакуль рана», – заявіў прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных.



Відэаролік пра тое, што дзве жанчыны, якія называлі сябе грамадзянкай Беларусі і Малдовы Святланаю Маркіяновіч і Карынаю Кальцо, трапілі ў палон да сірыйскіх паўстанцаў, апублікавалі на «YouTube’е» 9 жніўня. Зачытваючы сваю прамову з ліста пад дуламі аўтаматаў людзей у чорных масках, жанчыны паведамляюць, што прыехалі ў Сірыю пад выглядам журналістак, а самі шпіёняць на «Хізбулу».

«Хізбула» (партыя Алаха) – ваенізаваная шыіцкая арганізацыя і палітычная партыя, якая дзее ў Ліване і выступае за стварэнне там ісламскай дзяржавы па ўзоры Ірану. «Хізбулу» прызнаюць тэрарыстычнай арганізацыяй у шмат якіх краінах свету. Арганізацыя прызнала, што ваюе на баку прэзідэнта Сірыі Башара аль-Асада.

{movie}Беларуска і малдаванка пад дуламі аўтаматаў прызнаюцца, што яны – шпіёнкі|right|12034{/movie}

Акаўнт беларускі Святланы Маркіяновіч ёсць у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Яны жыла ў Жодзіне, ёй 30 гадоў. Апошні раз яна заходзіла на сваю старонку 17 чэрвеня 2013 года. На адным з фотаздымкаў жанчына – на фоне ілюмінатара самалёта.

Паводле радыё «Свабода», палонная беларуска жыла ў Жодзіне са сваёй бабуляй. 80-гадовая Зінаіда Міхайлаўна Маркіяновіч пацвердзіла, што ейная ўнучка з’ехала ў чэрвені з гораду, паабяцаўшы вярнуцца ў верасні. Куды падзелася Святлана, бабуля не ведае і ніколі не чула пра Сірыю. Унучка працавала ў гандлі ды часта некуды з’язджала, распавяла бабуля.

Брат выкрадзенай грамадзянкі Малдовы Леанід Быдко пацвердзіў журналістам, што 25 ліпеня Карына Кальцо паехала «на заробкі». Тыдзень таму з сірыйскага нумара яна кантактавался з роднымі і паведаміла, што яе выкралі. Карыне Кальцо 32 гады, яна не мае сям’і, дзяцей і пэўнай прафесіі. Ейны брат дагэтуль не звяртаўся ў праваахоўныя органы.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў