Беларусы, едучы ў Літву, заплацяць за дэзінфекцыю з уласнае кішэні


Улады Літвы рыхтуюцца да ўвядзення буфернай зоны на мяжы з Беларуссю. Гэта значыць, што мясцовым жыхарам, верагодна, давядзецца адмовіцца ад утрымання свінняў у гаспадарках.



Свінагадоўчыя фермы ўжо ўвялі строгія захады для абароны гаспадарак. На найбуйнейшую свінаферму прымежнага Салечнінскага раёну журналістам ужо не трапіць.

КЯСТУЦІС РАДЗЮЛІС, ДЫРЭКТАР «MERKIO AGROFIRMA»:

«Тут дэзамат ёсць у нас, ён заўжды быў. Дадаткова перад дэзаматам апырскваем усе машыны, якія заязджаюць на тэрыторыю. Стараемся пабочных ужо не пускаць, асабліва калі няма патрэбы, як і з вамі, да шлагбаума – і ўсё».

{movie}Праз мяжу — за грошы (12.08.2013)|right|12014{/movie}

Не спяць і на памежных пунктах. Дэзінфекцыя транспарту і пасажыраў адбываецца ўжо больш за месяц. Ветэрынарная служба краіны раіць увесці экстрэмальнае палажэнне, але пакуль і літоўскае кіраўніцтва, і Еўракамісія – у адпачынку і не могуць аператыўна ацаніць сітуацыі. Тым часам сродкі ад ураду Літвы няўмольна растаюць. Паводле разлікаў, іх будзе дастаткова да сярэдзіны жніўня. А пасля за дэзінфекцыю кожны будзе плаціць з уласнае кішэні.

ЭГІДЗІЮС ПУМПУЦІС, ХАРЧОВАЯ І ВЕТЭРЫНАРНАЯ СЛУЖБА ЛІТВЫ:

«Выдаткі моцна павялічыліся. І адзін з планаў – гэта збор, калі з кожнай асобы ці транспартавага сродку, што праходзіць дэзінфекцыю, бяруцца грошы».

Збор з «легкавушкі» можа скласці 18 тысячаў, з цяжкавіка – 90 тысячаў беларускіх рублёў.

Літоўцы ўсцяж чакаюць сродкаў і на ўзвядзенне плоту на мяжы з Беларуссю. Пакуль жа ў 10-кіламетровай зоне паляўнічым дазволілі неабмежаваны адстрэл дзікоў – актыўных пераносчыкаў чумы.

Аднак жыхары прымежных вёсак не баяцца пераходу пошасці на сваіх рохлікаў.

РЭГІНА ЗАБЛОЦКАЯ, ЖЫХАРКА ТАБАРЫШАК:

«А чаго баяцца? Як будуць хварэць, заколем і ўсё. У адным нумары пісалі, што будуць кампенсацыі, ну, яшчэ цэнаў не пазначылі, у другім нумары апублікуем падрабязна, колькі кампенсацыі будуць людзям плаціць за знішчэнне. Вось ужо два нумары пасля таго атрымалі – ніхто не ўзгадвае нічога, ужо забыліся. Не было дастаткова месца надрукаваць».

МАР’ЯНА, ЖЫХАРКА ТАБАРЫШАК:

«Свінні ж беларускія да нас не бегаюць. Так што няма чаго баяцца».

Рыхтуецца глеба для рэжыму буфернай зоны: пачаўся ўлік свінняў у хатніх гаспадарках. Каб не распаўсюджваць панікі, астатнія дзеянні ўладаў пакуль на жоўтым сігнале святлафора.

Вёска Табарышкі літаральна разрэзаная беларускаю мяжою. Аднак, нягледзячы на блізкасць асяродку афрыканскай чумы, мясцовыя жыхары захоўваюць спакой. Літоўскі ўрад пакуль што не робіць ніякіх радыкальных захадаў у змаганні з чумою, аднак новыя рашэнні могуць з’явіцца з дня на дзень.

Алесь Сіліч, Настасся Яўмен, «Аб’ектыў», Літва, belsat.eu

Стужка навінаў