Удзельнікі шэсця ў Магілёве прыкінуліся смеццем


Смеццевае шэсце як прызыў падтрымліваць у горадзе чысціню. Такой арганізатары бачаць мэту акцыі, якая прайшла ў цэнтры Магілёва ў суботу, 10 жніўня.

Сама ідэя не арыгінальная, яе пазычылі ў піцерцаў. Культурная сталіца Расеі ў траўні 2013 года вітала ўдзельнікаў смеццевага маршу, сярод якіх быў і магілёўскі чалавек-свята У. Ідэя маршу ў Піцеры належыць знакамітаму артысту Расеі Вячаславу Палуніну.

{movie}Смеццевае шэсце ў Магілёве|right|11999{/movie}

Жан Мельнікаў, артыст, камедыянт і проста вядомая і экстравагантны магілёвец, і прывёз смеццевае шэсце на радзіму. Далей яго арганізоўваннем займаліся сябры арт-праекту “Разам”. Хутка заяўку на правядзенне акцыі “За чысты горад” падалі ў гарвыканкам. Але ж і арганізатары, і самі ўдзельнікі аддаюць перавагу назве Смеццевае шэсце, якую і заанансавалі для заахвочання ўдзельнікаў і гледачоў. Дазвол на правядзенне акцыі атрымалі.

Сэнс шэсця просты: людзі ў строях, вырабленых са смецця, ідуць па горадзе (у выпадку Магілёва гэта цэнтральная пешаходная вуліца Ленінская) і раскідваюць смецце. За імі (таксама ўдзельнікі акцыі) людзі ў аранжавых камізэльках выконваюць працу дворнікаў.

Акцыя ў Магілёве сабрала не надта шмат удзельнікаў – 13 чалавек, затое была красамоўнаю для гараджанаў. Увечары ў суботу на Ленінскай кіпіць усё жыццё, і толькі сляпы не звярнуў увагі на людзей у адзенні са смецця. Задачу акцыі, можна лічыць, выканалі: увагу людзей да праблемы прыцягнулі.

АС, АК, belsat.eu

Стужка навінаў