Нязломны Статкевіч. Трэці дзень народзінаў – за кратамі (+ фільм-партрэт)


Мікалай Статкевіч – апошні кандыдат на прэзідэнта ў выбарах 2010 года, які застаецца ў зняволенні. Сёння яму споўнілася 57 гадоў.



«З Лукашэнкам буду размаўляць у ягоным стылі»

Мікалай Статкевіч скончыў менскае ракетна-зенітнае вучылішча, пасля абараніў кандыдацкую дысертацыю. У часы перабудовы апублікаваў канцэпцыю стварэння беларускага войска, якая была рэалізаваная пасля атрымання Беларуссю незалежнасці.

Ён быў адзіным з беларускіх вайскоўцаў, хто публічна выступіў супраць путчу ў Маскве. Тады ж Статкевіч абвесціў пра стварэнне Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Ён першым прывёў яго сябраў да прысягі на вернасць маладой рэспубліцы. Толькі пасля гэтага ўрад правёў усеагульную прысягу беларускіх афіцэраў.

За гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі Мікола Статкевіч адбыў больш за трыццаць адміністратыўных арыштаў. На яго двойчы – перад выбарамі 2001 і 2006 гадоў – заводзілі крымінальныя справы. Прысуд, які ўлады вынеслі Статкевічу ў 2011-м, быў адным з самых жорсткіх.

На выбарах 2010 года звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем «вярнуць скрадзенае». Мікалай Статкевіч заявіў, што будзе размаўляць з дзейным кіраўніком краіны ў ягоным стылі.



Пасля выбараў – чарговы турэмны тэрмін: шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Ціск за кратамі

Статкевіча рэгулярна кідаюць у карцар, саджаюць у адну камеру з хворым на СНІД, абмяжоўваюць у кантактах і сустрэчах са сваякамі.

Гэтак, аднойчы палітвязня пасадзілі ў ізалятар на пяць сутак праз тое, што пры ператрусе ў яго знайшлі дзве насоўкі, пазначаныя вязнем як «гігіенічныя прылады», – гэта расцанілі як грубае парушэнне. Пасля гэтага Статкевіча абмежавалі ў штомесячных набытках сумаю BR 100 тыс.

Аднак экс-кандыдат усцяж заяўляе пра сваю невінаватасць і не падпісвае прашэння аб памілаванні.

Палітык адбываў пакаранне ў Шклоўскай калоніі № 17, аднак у студзені 2012 года ўмовы адбывання пакарання для яго сталі больш жорсткімі – вязня перавялі ў Магілёўскую турму № 4. Адміністрацыя Шклоўскай калоніі палічыла, што Статкевіч «не стаў на шлях выпраўлення», «да ўмоўна-датэрміновага вызвалення не імкнецца» і пасля адбыцця пакарання наважаны «весці злачынны лад жыцця».

Дарога да свабоды



У фільматэцы «Белсату» – фільм-партрэт аўтарства Андрэя Кісяля і Вячаслава Ракіцкага «Дарога Статкевіча».

Гэтая дарога пакуль што ўпіраецца ў муры Шклоўскай турмы…Але «дарога Статкевіча – гэта не толькі дарога ў турму, а дарога да свабоды», кажа ў фільме ягоная дачка Кацярына.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў