Два сябры, расеец і беларус, паказалі ў Магілёве пейзажы з памежжа


Беларуска-расейская выстава адкрылася ў Экспазіцыйнай зале Магілёва. Працы, якія тут экспануюцца, – пейзажы абедзвюх краінаў аўтарства беларуса Леаніда Ячнёва і расейца Уладзіміра Берднікава. Самі мастакі акрэсліваюць уласнае сяброўства як творчы дуэт, яднае іх агульнае захапленне прыродаю беларуска-расейскага памежжа. Творы нараджаюцца падчас супольных вандровак.

Мастак Леанід Ячнёў кажа, што ягоны расейскі калега – больш дасведчаны мастак, і можна ў яго павучыцца. «Дзякуючы яму я перастаў баяцца колеру. Ён ловіць колеры настолькі яскрава і сакавіта, у вельмі цікавых спалучэннях».

{movie}Агляд падзеяў культуры (09.08.2013) |right|11969{/movie}

Да прэзентацыі ў Магілёве творы мастакоў праехаліся па чатырох беларускіх гарадах – яны выстаўляліся ў Клімавічах, Крычаве, Касцюковічах ды Оршы. Каб паглядзець усё, патрэбна нямала часу, – тут ажно 70 працаў. У асноўным – пейзажы, аднак сустракаюцца і нацюрморты. Паводле мастакоў, з прыроды можна чэрпаць бясконца.

«Японцы, напрыклад, прыходзяць у адмыслова адведзеныя месцы, каб глядзець узыход месяцу вясною ці восенню, у адмысловы час, і натоўпы людзей збіраюцца, каб проста паглядзець», – дзеліцца ўражаннямі расеец Уладзімір Берднікаў.

Абодва мастака ў Магілёве пакінулі ўласныя падарункі. Музей гісторыі тут папоўніўся некалькімі іхнымі працамі.

Іншыя тэмы: Творчыя нашчадкі Шагала – сучасныя мастакі-ізраільцы – выставілі свае працы ў Менску. У Лондане адкрылася вулічная выстава «Мастацтва паўсюль», заснаваная на «лайках» у «Фэйсбуку». Будапешт прымае 400 тыс. гасцей найбуйнейшага у Еўропе фестывалю «Sziget».

Адэля Дубавец, belsat.eu

Стужка навінаў