Каля 10 тысяч сведак Еговы спявалі на трыбунах менскага стадыёну «Трактар»


У Менску вернікі сабраліся на абласны кангрэс «Божае слова – праўда».

Гэткая імпрэза ладзіцца ў беларускай сталіцы ўжо трэці год, аднак сёлетні кангрэс стаўся самым масавым за гэты час. Паводле папярэдніх падлікаў, колькасць удзельнікаў складае каля 10 тыс. асобаў.

Імпрэза распачалася малітоўным спевам, пасля чаго з прамоваю выступіў старшыня кангрэсу Уладзімір Пушкоў. Суарганізатар мерапрыемства Сяргей Мандрэнка адзначыў, што гэткія кангрэсы праходзяць ува ўсім свеце і ўсюды збіраюць тысячы дэлегатаў. «У любое надвор’е дэлегаты прыходзяць на мерапрыемства, бо ім падабаецца тое біблейскае навучанне, якое тут падаецца», – патлумачыў дзеяч.

{movie}Каля 10 тысяч сведак Еговы спявалі на трыбунах менскага стадыёну «Трактар»|right|11967{/movie}

Сведкі Еговы, паводле яго, вельмі гаваркія людзі, якім вельмі падабаецца размаўляць з суседзямі і знаёмымі пра біблейскую вестку, смяяцца, сустракацца, бавіць разам час, а кангрэс дае магчымасць убачыць адно аднаго ды завесці новыя знаёмствы.

«Мы адзначаем, што Біблія, хоць гэта старажытная кніга, па-ранейшаму ўплывае на нашыя розум і сэрцы. Нашыя сем’і становяцца больш шчаслівыя, мы становімся законапаслухмянымі, больш карыснымі чальцамі грамадства, калі згаджаемся з біблейскім вучэннем. Праграма кангрэсу датычыць шмат якіх сфераў нашага жыцця, напрыклад, сям’і. Мы ніколі не забываемся пра моладзь, якая асабліва мае патрэбу ў добрым кіраўніцтве, бо ў яе цяпер шмат розных спакусаў. Мы ўпэўненыя, што Біблія дае карысныя парады для жыцця», – рэзюмаваў спадар Мандрэнка.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў