Сваякі загінулага вязня: хочам дамагчыся праўды!


«Можа быць, нас пачуе краіна, можа, нас пачуе прэзідэнт, улада. Можа, хтосьці разбярэцца, хто насамрэч забіў яго, што адбывалася ў турме на Валадарскага. Мы хочам пачуць адказ, што адбываецца ў гэтай краіне, што адбываецца у Менску», – заявіў сваяк Ігара Пцічкіна, вязня, што памёр падчас свайго перабывання ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

{movie}Сваякі загінулага вязня: хочам дамагчыся праўды!|right|11917{/movie}

Аляксандр Хаміцэвіч, для якога загінулы даводзіцца пляменнікам, перакананы, што смерць ягонага сваяка наступіла ў выніку катаванняў. Калі сваякам выдалі цела Ігара Пцічкіна, яны паспелі зрабіць некалькі фотаздымкаў. «Увесь пабіты… Бакі пабітыя, сляды ад наручнікаў на руках – калі вісеў… Усё цела пабітае. Ён быў ростам 190 см, а пасля смерці – ужо 210 см чамусьці. Быццам шыя зламаная. Мы не ведаем, што адбылося, але ён увесь збіты», – зазначае Аляксандр Хаміцэвіч.

Менчука Ігара Пцічкіна асудзілі на 3 месяцы арышту за кіраванне аўтамабілем без правоў. 2 гады таму суд забараніў яму сядаць за руль аўтамабіля цягам 5 гадоў. 21-гадовы Ігар Пцічкін на судовым паседжанні прызнаў сваю віну. 30 ліпеня ён прыехаў у РУУС Заводскага раёну, адкуль маладзёна этапавалі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе ён мусіў адбываць пакаранне. Праз 4 дні працаўнікі турмы патэлефанавалі маці Ігара Пцічкіна і паведамілі пра ягоную смерць.

Сваякі загінулага падалі заяву ў пракуратуру Маскоўскага раёну Менску. «Што будзе далей, мы не ведаем. Але грукаем ува ўсе дзверы, можа, хоць хтосьці адрэагуе. Бо мы ведаем, што цяпер мы яго пахаваем, цела закапаюць, і справы не будзе. Мы не ведаем, ці апісалі гэтыя пабоі ў моргу ці не», – дадаў Аляксандр Хаміцэвіч.

Падрабязнасці гэтай справы, каментары праваабронцаў, сваякоў, афіцыйных асобаў – глядзіце сёння ў матэрыяле Аліны Коўшык у «Аб’ектыве» – а 21:00 у эфіры «Белсату», а неўзабаве – на belsat.eu.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў