Адкуль калючы дрот на дне каналу Агінскага?


Людміла Якабсан усё жыццё пражыла ў Целяханах, побач з пятым шлюзам каналу Агінскага. Гісторыю гэтага збудавання з часоў Першай сусветнай вайны яна ведае на памяць. Пра гэта распавядалі родныя, а сведкаю шмат якіх падзеяў яна стала сама.

«Бабуля ратавала Траўгута»

У Целяханах (цяпер Івацэвіцкі раён на Берасцейшчыне) і дагэтуль стаіць дом, дзе нарадзілася Людміла Якабсан, яму цяпер больш за 130 гадоў. Бабуля спадарыні Якабсан, у дзявоцтве Бараноўская, была фельчаркаю і падчас паўстання 1863–64 гадоў перавязвала раны аднаго з кіраўнікоў, генерала Рамуальда Траўгута. Паводле сямейных аповедаў, бабуля праводзіла змагара да карэты, якою яго тайна меліся перавезці ў Варшаву. Спадарожнічала яму Эліза Ажэшка: калі ехала жанчына, карэту не абшуквалі.

Падчас Першай сусветнай вайны, распавядае Людміла Якабсан, па канале праходзіла лінія фронту. Немцы паўбівалі ў дно металёвыя пруты і замацавалі на іх калючы дрот, каб зрабіць пастку для расейцаў. «У нашым доме быў нямецкі штаб. Там і цяпер кацёл захаваўся, праўда, без дна, у якім немцы ежу гатавалі», – узгадвае яна.

Агінскі канал – частка воднага шляху з Дняпра ў Нёман на тэрыторыі Пінскага, Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці. Злучае р. Ясельда (прыток Прыпяці) і р. Шчара (прыток Нёмна). Даўжыня (з Выганашчанскім возерам) – 54 км. Ідэя збудавання належыць Мацею Бутрымовічу (1745–1814) – падстарасце і мечніку Пінскага павету, які стварыў у сваім маёнтку ўзорную гаспадарку на асушаных балотах.

«Калючы дрот даставалі рулонамі»

Паводле яе, палякі пачалі адбудоўваць канал у 1919 годзе. «Як пачалі той дрот вымаць, дык цэлы наш двор быў завалены калючымі рулонамі». У сярэдзіне 1920-х рух цалкам аднавілі. Тады вазілі ў асноўным драўніну, а таксама выкарыстоўвалі як турыстычны аб’ект.

«Я не ведаю, ці ёсць яшчэ дзе такая прыгажосць, як была ў Целяханах! Як жа ўсё было зроблена! – захапляецца спадарыня Якабсан. – У мяне захаваўся здымак, зроблены ў дзень смерці Пілсудскага [12 траўня 1935 года – belsat.eu]. Хлопец наш з хутара, польскі жаўнер (пэўна, ён тады быў у адпачынку, але ў вайсковай форме) вязе па канале паненку Марысю Шчыпёрскую. Ніколі не было ўздоўж хмызняку, ані высокай травы – усё пакошана».

Турыстаў кармілі бульбаю і паілі кіслым малаком

Калі па канале плылі турысты, Людміла бегла ў Кіраўніцтва воднымі пуцямі – там быў тэлефон – каб даведацца, колькі будзе чалавек і ці хутка прычаляць. Ейная цёця на прозвішча Пігулеўская кіравала мясцоваю сталоўкаю. Даведаўшыся колькасць гасцей, гатавалі бульбу, якую падавалі з кіслым малаком, яешняю і вяндлінаю.

Грошы на будаўніцтва даў Міхаіл Казімір Агінскі (1730–1800) – дзядзька вядомага стваральніка паланэзаў, распачалося яно ў 1765 годзе. Пасля працы фінансавалі з дзяржаўнай казны. Рэзідэнцыяй Агінскага быў Слонім, які, дзякуючы воднай артэрыі, ператварыўся ў порт. Тут хадзілі грузавыя і пасажырскія судны.

Двойчы на год на канал Агінскага пераносіліся дзяржаўныя святы – Дзень канстытуцыі 3 траўня і Дзень незалежнасці 11 лістапада. Адзначэнне распачыналася ў Народным доме (Dom Ludowy), а ля вады былі спаборніцтвы ў бегу, плаванні, яздзе на роварах і конях, стральбе. Таксама адзначалі Свята мора. Тады плавалі на каяках і спускалі на ваду вянкі са свечкамі. Пляцоўка для танцаў была… пасярэдзіне возера – на дзвюх баржах, злучаных паміж сабою.

На поўнач ад Целяханаў па канале можна было дабрацца да ракі Шчара. Туды хадзіў параход «Секунда». Да Выганаўскага (або Выганашчанскага) возера было 9 шлюзаў, па баках – сасновыя лясы. Побач з 10-м шлюзам – балоты і драўляны ходнік да лагеру вязняў, якія працавалі пры канале.

Як за саветамі канал аднавіць хацелі

Вакол каналу вадзіліся ваўкі. Спадарыня Людміла дагэтуль з жахам узгадвае, як ужо ў піянерскім гальштуку ратавала ад іх кароваў і цялятаў. Тады воўк схапіў ейнага сабаку і доўга бег уздоўж каналу. Але худобу дзяўчына здолела загнаць у хлеў. Як у казцы «Чырвоны каптурок», кажа яна.

Канал працаваў на поўную моц і ў часы Расейскай імперыі. Мястэчка Целяханы на гэтым водным шляху грала не апошнюю ролю. Тут працавала прыстань, былі добры рум, рамонтныя і суднабудаўнічыя майстэрні. Праз Целяханы везлі соль, жыта, воцат, насенне льну, авёс, сала, гарох, посуд, шкло, цэглу, тытунь, жалеза, вырабы з каштоўных металаў, шоўк і віно. Працаваў і фаянсавы завод Агінскага. Жыццё ў Целяханах віравала, мястэчка багацела на вачах.

Падчас вайны шлюзы паўзрывалі партызаны. Яшчэ ў 1950-я гады дырэктар лыжнай фабрыкі, які за польскім часам працаваў у старостве, а таксама старшыня калгасу і райвыканкаму пісалі ў Маскву, каб дазволілі аднавіць канал. У мясцовай газеце напісалі, што цэнтральнае начальства дало згоду. Але давесці справу да ладу перашкодзіла ўзбуйненне. «І тут гэты вар’ят Хрушчоў ліквідаваў Целяханскі раён [у 1959 годзе – belsat.eu]. Усё перанеслі з Целяханаў у Лагішын. Пабылі там пару гадоў – і Лагішынскага раёну ўжо няма! [1962 год – belsat.eu]. Ужо ў Пінску! » У 1965 годзе аднавілі Івацэвіцкі раён і Целяханы з Пінскага перанеслі туды…

У выніку шлюзы, непаўзрываныя партызанамі, знішчылі ў 1960-я гады дзеля меліярацыі. Яна цалкам абяскровіла магутную некалі водную артэрыю.

Да ідэі аднавіць Агінскі канал вярнуліся ўжо толькі ў сучаснай Беларусі. Планавалі зрабіць маршрут ад Аўгустоўскага каналу па Нёмане, Шчары і Ясельдзе да Прыпяці. Першы этап рэканструкцыі распачаўся ў 2006-м: на адрэзку ад ракі Шчара да Выганашчанскага возера. Працы давялося прыпыніць, бо побач месціліся археалагічныя помнікі каменнага веку, якія мусілі даследаваць археолагі. Пасля да працаў вярнуліся, але большая частка каналу выглядае сёння, як зарослы ручай.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў берасцейскага часопіса “Echa Polesia” і Ганцавіцкага краязнаўча-інфармацыйнага парталу

Стужка навінаў