Пуцін на «Селігеры»: размовы з «гароднінаю» і танцы казакоў


Прэзідэнт Расеі ўшанаваў сваёй прысутнасцю моладзевы лагер прыхільнікаў дзейнай улады. Больш за 2 гадзіны ён адказваў на пытанні, даваў парады і намагаўся жартаваць з перспектыўнаю моладдзю краіны.



Пра апазіцыю

Пасля словаў падтрымання на адрас старонкі сваіх прыхільнікаў на «Фэйсбуку» і антыалкагольнага моладзевага руху, пасыпаліся і вострыя палітычныя пытанні. Першым да мікрафону дабраўся актывіст Глеб Крайнік, вядомы сваёй нелюбоўю да апазіцыі. На ягонай кашулі – кандыдат на мэры Масквы Аляксей Навальны параўноўваўся з Гітлерам і Напалеонам, а сам малады чалавек выказаў меркаванне, што ўся справа вакол апазіцыянера – праект Уладзіміра Пуціна.

Той, як заўсёды, не называючы прозвішча Навальнага, пажартаваў, што кожны чалавек – перадусім праект сваіх бацькоў. Пасля дружнага выбух смеху, Пуцін усё ж такі ўдакладніў, што дзякуючы апошнім 13 гадам працы, хіба ўсё, што адбываецца ў палітычным жыцці краіны, ёсць у нейкім сэнсе ягоным праектам. Што ж да прысуду апазіцыянеру, “Мне падалося дзіўным, што адзін з фігурантаў справы (Вячаслаў Апалёў), які стаў супрацоўнічаць са следствам, атрымаў 4,5 гады ўмоўна, а другому фігуранту, пра якога вы казалі (Аляксей Навальны), уламалі 5 гадоў рэальнага тэрміну”.

Не паспелі ўціхнуць уражанні ад адказу прэзідэнта, як чарга дайшла да траіх маладых людзей, апранутых у касцюмы агурка, памідора і, хутчэй за ўсё, гарбуза. Група маладзёнаў гэтак адрэагавала на тое, што тых, хто не цікавіцца палітычным жыццём краіны, некаторыя грамадзяне называюць гароднінаю. Чалавек, апрануты як агурок, запытаўся, ці пакараюць тых, хто заклікаў жыхароў Масквы выходзіць на акцыі пратэсту пасля абвешчэння прысуду Аляксею Навальнаму.

{movie}Пуцін на “Селігеры”. Выбранае|right|11892{/movie}

Простага адказу на гэтае пытанне «агурок» не дачакаўся, але Пуцін падкрэсліў, што кожны можа выказваць сваё меркаванне, не парушаючы закон. І паспадзяваўся, што ў сучаснай гісторыі Расеі не з’явяцца такія постаці, як поп Гапон, які вывеў маніфестантаў пад кулі.

Пра культуру

«Прэзідэнт у нас добры, мы не выдадзім яго, семярых у магілу ўгонім, за яго, за аднаго», – з гэткаю прыпеўкаю на канапе з прэзідэнтам выступілі лаўрэаты прэзідэнцкай прэміі на знак падтрымання таленавітай моладзі. Маладыя казакі зайгралі на балалайцы і баяне, а Пуцін заклікаў прысутных дзяўчат станчыць пад народную музыку, аднак ніхто не адгукнуўся.

Пасля да мікрафону падыходзілі людзі, якія таксама называлі сябе казакамі і прасілі кіраўніка краіны адкрыць у Расеі адмысловы казацкі ўніверсітэт. Пуцін абяцаў падумаць.

Пра шчупака

На «Селігеры» прысутнічалі студэнты з некалькіх замежных краінаў, аднак, відавочна беларусы туды не трапілі. Бо, калі Пуцін пачаў запэўніваць усіх, што насамрэч злавіў шчупака вагою 21 кг, ніхто не нагадаў яму пра дасягненні кіраўніка саюзнай краіны.

А сакрэт лоўлі такіх рыбінаў просты: «Чаму я яе там злавіў? А таму, што яна там вырасла! А чаму яна там вырасла? Бо там на 300 кіламетраў ад таго месца няма ні жытла ні дарогаў, ні іншых спосабаў туды дабрацца, акрамя як па паветры, а такія магчымасці ў нас маюць адзінкі», – нясціпла адзначыў Пуцін.



Напрыканцы расейскі лідар выказаў спадзяванне, што ягоная палітычная кар’ера яшчэ не канчаецца, таму цалкам магчыма, што ён яшчэ паб’е рыбацкі рэкорд Александра Лукашэнкі, завітае на «Селігер» у наступным годзе, ці здзейсніць іншы палітычна значны ўчынак.

УШ., belsat.eu

Стужка навінаў