Улады Беларусі пераходзяць на вегетарыянства?


У Літве не зарэгістравалі вірусу, праз які Беларусь забараніла ўвоз і транзіт быдла з гэтай краіны. Усё гэта адбываецца на фоне апантанага змагання чыноўнікаў з эпідэміяй афрыканскай чумы свіней.

«Белсат» дазваніўся да Дзяржаўнай службы харчавання і ветэрынарыі Літвы. На пытанне, ці зарэгістраваны ў гэтай краіне вірус Шмаленбэрга, прэс-сакратарка Юргіта Савіцкайце адказала адмоўна. Паводле яе, пытанні маглі ўзнікнуць праз розніцу ў трактаванні вынікаў аналізаў беларускім бокам. Спадарыня Савіцкайце паведаміла, што ў панядзелак служба распачне перамовы з Беларуссю, каб пастанову аб забароне ўвозу адмянілі.

{movie}Беларусь забараніла ўвоз жывёлы з Літвы праз вірус, якога няма?|right|11876{/movie}

Часовая забарона дзее з сёння, 2 жніўня. Яна датычыць буйной і дробнай рагатай жывёлы, а таксама генетычнага матэрыялу, атрыманага ад іх. Ва ўказанні Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі напісана: «На тэрыторыі Літвы выяўлены жывёліны, серапазітыўныя ў хваробе Шмаленбэрга».

Хваробу, якую выклікаў вірус Шмаленбэрга, упершыню выявілі ў Нямеччыне ўсяго 2 гады таму. Яна небяспечная для буйной рагатай жывёлы, якую гадуюць для малака і мяса, а таксама авечак і козаў. Мяркуюць, што вірус пераносяць макрацы – вусякі, якія смокчуць кроў. Галоўныя сімптомы: страўнікава-кішачнае разладжанне і павышэнне тэмпературы. Ад хваробы гіне маладняк, а патомства нараджаецца мёртвым або з генетычнымі парокамі.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў