Завод, які звальняе чальцоў Свабоднага прафсаюзу, мае недахоп кадраў


На заводзе Трактарных дэталяў і агрэгатаў у Бабруйску не працягнулі кантракту з наладчыкам аўтаматычных лініяў 5-га разраду і чальцом Свабоднага прафсаюзу Змітром Курмазам. У той жа час у спісе вакансіяў сярод мноства іншых – як раз наладчыкі аўтаматычных лініяў.

Як распавёў “Белсату” старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Міхаіл Кавалькоў, 31 ліпеня ў Змітра Курмаза скончыўся тэрмін кантракту. Мужчына працаваў на прадпрыемстве ад 2007 года і ніколі не меў ніякіх заўвагаў ці дысцыплінарных спагнанняў. “Заганай” сталася ягоная прыналежнасць да Свабоднага прафсаюзу.

Міхаіл Кавалькоў адзначыў, што адміністрацыя заводу не хавае сапраўднай прычыны звальнення. Паводле словаў самога Змітра, кіраўніцтва адкрыта сказала яму, што кантракту не працягнулі праз ягоную прыналежнасць да СПБ. 25 працаўнікоў цэху, у якім ён працаваў, накіравалі хадайніцтва дырэктару заводу Аляксандру Аграновічу з просьбаю працягнуць кантракт.

Намеснік дырэктара заводу ў ідэалагічнай працы Уладзімер Елісеенка адмовіўся каментаваць звальненне Змітра Курмаза. Затое на афіцыйнай старонцы прадпрыемства ў інтэрнэце напісалі, што звольнены не такі ўжо і добры спецыяліст, грубы, фанабэрлівы, а 25 калегаў, якія падпісаліся пад зваротам, падчас вусных размоваў характарызуюць яго зусім адваротна, і падпісаліся пад “хлуснёю” таму, што пашкадавалі яго.

Міхаіл Кавалькоў у сваю чаргу распавёў, што падпісантаў па адным выклікалі да кіраўніцтва і таксама пагражалі звальненнем у выпадку далейшых выступаў.

Суд кіруецца толькі дэкрэтам аб кантрактнай сістэме

Сам Зміцер Курмаз звярнуўся з хадайніцтвам да генеральнага дырэктара Менскага трактарнага заводу, а таксама да міністра прамысловасці. Ён не спадзяецца, што атрымае ад іх рэальную дапамогу, але не хоча маўчаць і тым самым выказаць сваю згоду са звальненнем.

У тое, што хадайніцтва і звароты з подпісамі змогуць неяк паўплываць на сітуацыю, не верыць і каардынатар моладзевай сеткі прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак: “Мы бачым тут, як кіраўніцтва заводу, якое не хоча ў сябе бачыць нежаданага працаўніка, выкарыстоўвае такі выдатны інструмент ціску, як кантракт. З нашай судовай практыкі мы ведаем, што аднавіць на працы звольненых такіх чынам амаль немагчыма, бо суд у такіх выпадках кіруецца выключна дэкрэтам аб кантрактнай сістэме, паводле якой наймальнік мае поўнае права не працягнуць кантракту”.

Звальненні на фоне недахопу адмыслоўцаў

Выпадак Змітра Курмаза – не першае звальненне на заводзе ТДіА паводле “прафсаюзнай прыкметы”. Месяц таму падобная гісторыя адбылася з сябрам СПБ, слесарам 5-га разраду Сяргеем Пічуговым. 28 чэрвеня яго выкінулі на вуліцу, хоць ягоная жонка, таксама працаўніца заводу, у дэкрэтным адпачынку. Але дзякуючы памылцы кіраўніцтва цэху Сяргею ўдалося аднавіцца на працы.

Сёлета ў красавіку, як падае Міхаіл Кавалькоў, за прыналежнасць да СПБ былі звольненыя працаўнікі А. Веліжанін і В. Садоўскі. Адміністрацыя заводу адкрыта паставіла ім ультыматум: або выходзіце са Свабоднага прафсаюзу, або мы вас звальняем. Яны звярнуліся ў пракуратуру. Пракуратура адказала адпіскаю і параіла ім звярнуцца ў суд. Але ўрэшце яны страцілі працу.

У 2012 годзе быў звольнены спецыяліст вышэйшага класу, чалец СПБ шліфоўшчык 5-га разраду Сяргей Буркін.

У той жа час, калі меркаваць з рубрыкі “Вакансіі” на сайце заводу, а таксама з інфармацыі Бабруйскага цэнтру занятасці насельніцтва, заводу не хапае адмыслоўцаў у самых розных сферах.

“На заводзе ТДіА ў Бабруйску ідзе неабвешчаная вайна са Свабодным прафсаюзам, – адзначае каардынатар прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак. – Усё, што мы бачым – звальненні, дыскрымінацыя – выглядаюць як частка мэтанакіраванай кампаніі дзеля знішчэння прафсаюзнай арганізацыі”.

У гэтай вайне выкарыстоўваюць пагрозы, подкупы, адкрытая дыскрымінацыя паводле “прафсаюзнай прыкметы”.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў