15 базавых за рэпост «NEXTA» і цытату Лукашэнкі


28 снежня суд Быхаўскага раёну Магілёўскай вобласці разгледзеў адміністратыўную справу супраць Вольгі Пушкаровай. Жанчыну прыцягнулі да адказнасці за публічную дэманстрацыю і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 17.11 КаАП) і нацысцкай сімволікі (арт. 17.10 КаАП). Насамрэч Вольга Пушкарова проста перадрукавала допісы тэлеграм-каналаў «NEXTA live» і «Типичная Беларусь» у яшчэ адзін канал – «Быхаў live».

«Я не бачыла ў пастах каналу «NEXTA live» нічога дрэннага. У адным гаварылася, што галаву каталікоў Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча не пускаюць у краіну, а ў другім, што людзі пачалі забіраць валютныя ўклады з банкаў», – патлумачыла Вольга Пушкарова пратакол супраць яе паводле артыкулу 17.11 КаАП. Паводле жанчыны, яна не ведала, што канал «NEXTA live» у Беларусі забаронены. Гэта ёй сказалі ўжо міліцыянты.

Адзін перадрук «NEXTA live» Пушкарова зрабіла 19 кастрычніка, а другі – 11 лістапада. У адміністратыўным пратаколе пазначана, што гэта адбылося пасля судовага рашэння аб прызнанні тэлеграм-каналу экстрэмісцкім. Нагадаем, суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў «NEXTA» і «NEXTA live» экстрэмісцкімі 20 лістапада, то бок першы рэпост Пушкарова рабіла, калі канал быў цалкам легальны ў Беларусі.

Вольга Пушкарова перад паседжаннем.
Фота: Belsat.eu

Пратакол за карцінку з цытатай Лукашэнкі

Другі пратакол – за дэманстрацыю нацысцкай сімволікі – склалі супраць Вольгі за перадрук карцінкі з каналу «Типичная Беларусь». У допісе цытуецца Аляксандр Лукашэнка, які колісь сказаў, што не ўсё было дрэнна ў Германіі пры Адольфе Гітлеры. Гэтыя словы спалучаныя з выявай нямецкага салдата на фоне сцяга Трэцяга Райху. Прычым нямецкі салдат падобны да аўтара цытаты. Карцінку суправаджае тэкст, у якім параўноўваецца ўзровень рэпрэсіяў у Нямеччыне ў 1933 годзе і ў Беларусі ў 2020 годзе. Параўнанне не на карысць Беларусі. Нацысцкаю сімволікаю прызналі чырвонае палатно са свастыкаю.

Як сказаў адвакат Вольгі Пушкаровай на судзе, «сцяг, прызнаны нацысцкай сімволікай, размяшчаецца на другім плане і не з’яўляецца галоўным аб’ектам на гэтым калажы. Гэты сімвал пастаянна трапляецца нам на вочы, напрыклад, у фільмах пра вайну. Таму Вольга і не ведала, што ён забаронены».

Вольга зазначыла, што не збіралася распаўсюджваць сімволіку. Ейнаю мэтаю было інфармаванне грамадзянаў.

«Мяне вельмі ўразіла, што рэпрэсіі ў Беларусі сёлета дасягнулі ўзроўню Нямеччыны ў першы год кіравання Гітлера. Я хацела падзяліцца гэтай інфармацыяй, але мэты распаўсюдзіць нацысцкую сімволіку ў мяне не было», – адказала на пытанні суддзі Вольга.

Вольга Пушкарова пасля выраку.
Фота: Belsat.eu

«Дзіўна, што чалавека могуць прыцягнуць да адказнасці за крытыку нацысцкай сімволікі. А менавіта такі сэнс у допісу, які перадрукавала з тэлеграм-каналу «Типичная Беларусь» Пушкарова. У Расеі ўжо ўнеслі змены ў закон і дазволілі выкарыстоўваць нацысцкую сімволіку з мэтаю сфармаваць негатыўнае стаўленне да фашызму. І гэта лагічна. У нас жа выкарыстоўваецца любая нагода запужаць і закрыць рот людзям», – сказаў праваабаронца Барыс Бухель.

Суддзя Уладзімір Жолудзеў прапанаваў правесці суд у скарочаным фармаце, без даследавання матэрыялаў справы. Вольга Пушкарова пагадзілася на такі варыянт. Дзеля мінімальнага пакарання жанчына афіцыйна прызнала сваю віну. У размове ж з журналістамі сказала, што не лічыць сябе вінаватай і спадзяецца, што каналы «NEXTA» і «NEXTA live» хутка прыбяруць са спісу экстрэмісцкіх.

Суддзя Уладзімір Жолудзеў пакараў Вольгу 15 базавымі велічынямі штрафу (Br 405). Абскарджваць пастанову Вольга не збіраецца. На памер штрафу паўплывала тое, што Пушкарова выдаліла свае пасты з каналу «Быхаў live» адразу, як даведалася, што міліцыя лічыць іх супрацьзаконнымі.

Суд над Вольгай прайшоў за 15 хвілінаў.
Фота: Belsat.eu

«Прыйшла ананімка, нібыта я ганю самагон»

«Мяне пераследуюць яшчэ з лета, калі пачаліся акцыі пратэсту, у якіх я была актыўнай удзельніцай. Спачатку мяне хацелі прыцягнуць да адказнасці як удзельніцу несанкцыянаваных акцыяў у Быхаве, але не атрымалася. Пасля ўчынілі праверку пры дапамозе органаў апекі. І тут аблом. На мяне нават прыйшла ананімка, нібыта я ганю самагон. Міліцыя праводзіла вобшук у доме і была вымушана прызнаць, што прыцягнуць да адказнасці мяне зноўку няма за што. І цяпер гэтыя рэпосты. Ды няхай яны ўжо супакояцца там – аштрафавалі мяне нарэшце», – патлумачыла Вольга сваю пазіцыю.

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў