Уладзімір Зяленскі лідарам G20: Надышоў час, калі вайну Расеі супраць Украіны можна спыніць


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў на саміце лідараў G20, што адбываецца ў Інданезіі. У сваім відэазвароце прэзідэнт Украіны сцвярджае, што ўжо надышоў час, калі вайну Расеі супраць Украіны можна спыніць, перадае «The Guardian».

Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што для завяршэння вайны Расея мусіць вывесці свае акупацыйныя войскі з тэрыторыі Украіны, выплаціць кампенсацыю за прычыненую дзяржаве шкоду і пацвердзіць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

«Мы не дазволім Расеі чакаць і нарошчваць свае сілы… Я перакананы, што надышоў час, калі расейская разбуральная вайна мусіць і можа быць спыненая. Гэта выратуе тысячы жыццяў», – заявіў украінскі лідар.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў таксама правесці міжнародную канферэнцыю для «ўмацавання ключавога элементу пасляваеннай архітэктуры бяспекі» і перадухіліць паўтарэнне агрэсіі з боку РФ.

«Расеі давяраць нельга, і не будзе ніякіх «Менскаў-3»

«Я хачу, каб гэтая агрэсіўная вайна скончылася справядліва і на падставе статуту ААН і міжнароднага права, а не абы-як… Не варта прапаноўваць Украіне кампрамісы з сумленнем, суверэнітэтам, тэрыторыяй і незалежнасцю. Мы паважаем правілы, і мы людзі слова. Украіна заўсёды была лідарам міратворчых намаганняў, і свет гэта бачыў. І калі Расея кажа, што нібыта хоча скончыць гэтую вайну, няхай давядзе гэта сваімі дзеямі. Відавочна, што словам Расеі давяраць нельга, і не будзе ніякіх «Менскаў-3», якія Расея парушыць адразу ж пасля заключэння», – падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.

Саміт «Вялікай дваццаткі» пачаўся на інданезійскай выспе Балі 15 лістапада. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін на саміт G20 не паехаў. Расею на ім прадстаўляе кіраўнік Міністэрства замежных справаў Сяргей Лаўроў.

Hавiны
Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб рэпарацыях Украіне з боку Расеі
2022.11.14 21:58

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў