«Маку» больш няма. Кропка

Амерыканская сетка фаст-фуду пакінула Беларусь. Продаж расейскаму ўласніку стаўся поўнаю нечаканасцю для насельніцтва і выклікаў інфармацыйны вал, зацямніў іншыя, відавочна больш значныя інфармацыйныя нагоды. Грамадзяне хвалююцца, перажываюць, з аднаго боку, за наяўнасць у продажы звыклых лусцянёў, з другога – з падазрэннем прыглядаюцца да новых, расейскіх уласнікаў. Між тым гэта была цалкам прагназавальная падзея.

Адкрыццё першага «McDonald’s» у Магілёве, Беларусь.
Фота: Белсат

Лёс «McDonald’s» у Беларусі не быў лёгкі. Больш за 26 гадоў таму, у гэтыя ж дні, адкрываючы першую закусачную на праспекце Незалежнасці (тады яшчэ, здаецца, Скарыны?) менеджмент кампаніі ўпэўнена прагназаваў хуткую экспансію ў абласныя цэнтры. У планах было адкрыццё 27 пунктаў. Аднак суровая беларуская рэальнасць унесла свае карэктывы: сетка доўга не выходзіла за межы сталіцы, ды і ў ёй была абмежаваная пяццю ўстановамі: Незалежнасці, Няміга, Прытыцкага, Паўднёвы Захад і Бангалор.

Быў яшчэ і шосты, каля вакзалу, але з ім здарылася непрыемнасць. Тэрыторыя перад будынкам была ўласнасцю БДУ, і пры будаўніцтве новага корпусу на інтарэсы амерыканскай кампаніі проста наплявалі. Дакладней, ёй прапанавалі на выбар любую іншую пляцоўку ў горадзе, але яна не пагадзілася. У выніку «McDonald’s» на вакзале доўгія гады быў у замарожаным стане.

Але і пяці пунктаў цалкам хапала. Відавочна, што ўяўленне пра будучыню Беларусі ў пачатку 1990-х, калі інвестыцыйныя планы распрацоўваліся і прымаліся рашэнні, зусім не супала з фактычнымі абставінамі і, найперш, з гледзішча плацежаздольнага попыту насельніцтва.

І толькі 2010-ыя гады прывялі да росквіту як грамадскага харчавання ў цэлым, так і лідара фаст-фуд рынку. «Усе сцягі ў госці да нас!»: «Domino’s», «Papa John’s», «KFC» і «Burger King» тут як тут, не кажучы ўжо пра больш дробных удзельнікаў рынку. І ў «Маку» паступова з’явіліся цэлых 25 пунктаў. Цяпер усё, іх больш няма. Дакладней, іх больш не ахінае нябачная прысутнасць блазна Роналда.

У Расеі гэта адбылося на паўгода раней, і разлічваць, што, пакідаючы расейскі рынак, амерыканская карпарацыя захавае матывацыю заставацца на беларускім, азначала быць у вялікай ілюзіі.

Якія мінусы ад працы ў Беларусі?

Фінансавыя рызыкі. Хто паручыцца, што тваю ўласнасць не забяруць заўтра проста так? Ці ёсць больш «несяброўская» з гледзішча дзяржаўнай прапаганды краіна, чымся ЗША?

Іміджавыя рызыкі. У квадраце. Так, «McDonald’s» працуе ў 95 % краін свету, але сёння працаваць у краіне, якая бярэ ўдзел у вайне на баку агрэсара, які развязаў крывавую бойню ў Еўропе, азначае быць проста мішэнню для крытыкі ў развітым свеце. Для мультынацыянальнай кампаніі гэта можа быць вельмі адчувальна.

Ну і галоўнае – перспектыва. Я мяркую, аналітыкі кампаніі не здолелі знайсці хоць якіх абставінаў, якія паказваюць на будучае аднаўленне эканамічнага росту ў Беларусі.

«McDonald’s» на праспекце Незалежнасці ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

У гэтых умовах рашэнне ахвяраваць (а гэта, хоць і продаж, але ўсё ж такі ахвяра) 25 з 37 855 пунктаў, думаю, далося лёгка. Пагатоў, як і для шмат якіх іншых карпарацыяў, беларускі рынак быў для «McDonald’s» толькі маленькім дачэпным вагончыкам да вялікага расейскага рынку, дзе разгарнуліся аж 760 рэстаранаў сеткі – у 30 разоў больш.

Хто ж новы ўладальнік?

Уладальнікам сеткі ў Расеі (за сімвалічны кошт, але з правам зваротнага выкупу) стаўся Аляксандр Гоман, буйны франчайзі сеткі па Сібіры. Пад ягоным кіраўніцтвам там было 25 рэстаранаў. Цяпер ён жа валодае і рэстаранамі ў Беларусі.

Што гэта азначае для беларусаў?

Абсалютна нічога. Бургеры будуць вырабляцца, бульба смажыцца, дзяўчаты на касе ўсміхацца. Усё ж такі новы ўласнік – дасведчаны прадпрымальнік, які разумее, што робіць у гэтым сегменце.

Так, магчымы невялікі рост коштаў, некаторая замена інгрэдыентаў. Магчымасці лакальнага гульца адрозніваюцца ад магчымасцяў транснацыянальнай карпарацыі. Але і толькі. Сутнасць не зменіцца. І не трэба баяцца прыходу расейскага капіталу. Небяспека не ў паходжанні капіталу, а ў манапалізацыі рынку. Калі ва ўгоду якім-небудзь інвестарам, безадносна іхнай нацыянальнасці, будуць абмяжоўвацца магчымасці развіцця іншых, гэта будзе праблемаю. Пакуль гэтага не адбываецца, турбавацца няма пра што.

Хоць, вядома, інвестары, уласнікі з развітых рынкаў маглі б прынесці з сабою не толькі грошы, але і тэхналогіі, сучасныя напрацоўкі, але мы ж з імі цяпер у контрах, і расейскі інвестар тут ні пры чым. Гэта нашая ўласная праблема.

Хвалявацца няма  пра што, але і радавацца таксама няма чаму

«McDonald’s» – гэта ж было не толькі ці не столькі пра ежу. Гэта было пра прыналежнасць да яркай заходняй спажывецкай культуры. У адным шэрагу: джынсы, кока-кола, біг-мак і ўсё, што вы самі можаце сабе ўявіць. Цяпер нас адрэзалі. «Вкусно – и точка» не выклікае ніякіх асацыяцыяў, акрамя харчовых. Добра гэта ці не вельмі – вырашайце самі.

«Асцярожна! У краму завезлі падробленыя ялінкавыя цацкі. Выглядаюць як сапраўдныя, вось толькі радасці ад іх ніякай».

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў