Журналістку Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку асудзілі другі раз запар. Ізноў арышт


У судзе Першамайскага раёну Менску 15 лістапада адбылося другое судовае паседжанне над журналісткай Ірынай Слаўнікавай і яе мужам Аляксандрам Лойка. Уначы на 14 лістапада скончыўся іх 15-дзённы арышт, пасля якога сужэнцаў перазатрымалі.

Гэтым разам Ірыну і Аляксандра вінавацяць у дробным хуліганстве паводле арт. 19.1 КаАП.

Ірына Слаўнікава і Аляксандр Лойка.
Фота: Аляксандр Лойка / Facebook

Спачатку судзілі Аляксандра. Згодна з матэрыяламі справы, 13 лістапада ён у будынку РУУС нібыта «размахваў рукамі, агрэсіўна сябе паводзіў, а на заўвагі не рэагаваў, чым парушыў грамадскі парадак».

На судзе Аляксандр распавёў, што ў той дзень каля 11-й гадзіны па яго прыехалі два супрацоўнікі, вывезлі яго з ЦІП на Акрэсціна і завезлі ў РУУС. Там Аляксандра прывялі ў кабінет, дзе супрацоўнік склаў на яго новы пратакол паводле арт. 19.1 КаАП. Пасля чаго Аляксандра павезлі назад у ІЧУ.

Сведкам на судзе выступаў участковы інспектар Першамайскага РУУСу. Ён паведаміў, што «зайшоў у кабінет да калегі 13 лістапада каля 12-й, дзе дадзены грамадзянін паводзіў сябе агрэсіўна, груба камунікаваў з маім калегам. Мы яго папярэдзілі, што ён здзяйсняе правапарушэнне, ён не адрэагаваў»

У што быў апрануты абвінавачаны, міліцыянт не звярнуў увагі. Аляксандр заявіў, што бачыце гэтага чалавека ўпершыню.

У выніку суддзя Максім Трусевіч прызнаў Аляксандра Лойку вінаватым і пакараў яго яшчэ 15 соднямі арышту.

Пасля паседжання над Аляксандрам пачалі судзіць Ірыну Слаўнікаву. На судзе яна выглядала добра, усміхалася.

Падчас паседжання Ірына распавяла, што 13 лістапада яе з мужам ужо вызвалілі, выдалі ім усе рэчы, пашпарты і даведку аб адбыцці пакарання. Аднак пасля гэтага іх забраў супрацоўнік Першамайскага РУУСу, які прыехаў па іх і які пасля склаў на іх новыя пратаколы.

У РУУСе сужэнцы сказалі, што не згодныя з пратаколамі, на што супрацоўнік адказаў, што яму ўсё роўна, згодныя яны ці не.

Суддзя палічыў віну Ірыны даказанай і таксама прысудзіў ёй 15 содняў арышту.

Ірыну і Аляксандра затрымалі ўначы на 30 кастрычніка ў менскім аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку. Праз тры дні іх асудзілі на 15 содняў арышту за захоўванне на старонцы Facebook матэрыялаў, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Падчас першага паседжання Аляксандр распавёў, што іх з Ірынай затрымалі на пашпартным кантролі, закавалі ў кайданкі і не далі забраць багаж. Ён адзначыў, што Ірыну затрымлівалі больш жорстка, чым яго. Аднак бацьку Ірыны, які прыехаў сустракаць іх у аэрапорт, адміністрацыя сказала, што тыя прыляцелі сваім рэйсам і прайшлі ўсе неабходныя этапы кантролю, падчас якіх іх ніхто не затрымліваў.

Артыкулы
Жаночая камера на Акрэсціна, дзе ўтрымліваюць журналістку Ірыну Слаўнікаву, абвесціла галадоўку
2021.11.04 13:26

АД, belsat.eu

Стужка навінаў