Мігрант распавёў, як беларускія сілавікі рыхтуюць штурм мяжы


Галоўная спроба пераходу, паводле мігранта, запланаваная на 11 раніцы 15 лістапада. Сярод мігрантаў распаўсюджвалі чуткі, што ў гэты дзень іх нібыта вывезуць у Нямеччыну.

Мігранты і польскія памежнікі.
Фота: MSWiA_GOV_PL / twitter

Адзін з мігрантаў расказаў радыё «Свабода», як беларускія сілавікі на беларуска-польскай мяжы адбіраюць маладых людзей і штурхаюць іх да прарыву мяжы.

У ноч на 15 лістапада, паводле суразмоўцы, беларускія міліцыянты сабралі маладых мігрантаў, штурхалі іх да калючага дроту, прымушалі рэзаць яго і прарывацца далей. Настрою на гэта, кажа суразмоўца, сярод мігрантаў у ягоным лагеры няма.

Ноччу сілавікі схапілі некаторую колькасць мігрантаў, пацягнулі ўглыб лесу, распавядае суразмоўца, і што з імі цяпер, невядома. Таксама цяпер групу мігрантаў трымаюць паблізу калючага дроту, людзі не могуць сысці і паразмаўляць з кім-небудзь.

«З сабой сілавікі маюць маскі, нажніцы і кусачкі, каб знішчаць перашкоды з дроту, – расказвае мігрант. – Гэта значыць, яны хочуць беспарадкаў. Некаторыя з нас змянілі вопратку, каб не быць апазнанымі, і мы мусім знаходзіцца каля польскай мяжы».

Галоўная спроба пераходу мяжы, дадае ён, запланаваная на 11 гадзінаў раніцы 15 лістапада.

Спраўдзіць аповед мігранта немагчыма. Аднак 14 лістапада польскія памежнікі заўважылі, што на мяжу прыбыла дадатковая група беларускіх сілавікоў, а намёты мігрантаў пачалі знікаць. Паводле польскіх памежнікаў, беларускія сілавікі рыхтуюць вялікі штурм, раздаюць мігрантам абсталяванне для штурму і слезацечны газ.

Міністэрства абароны Польшчы таксама паведамляла пра прыбыццё дадатковых сілавікоў на беларускі бок мяжы і знікненне намётаў, а таксама заўважала, што мігранты збіраюць з лесу галлё.

У прадчуванні правакацыяў Польшча рассылала мігрантам SMS на пяці мовах з папярэджаннем аб тым, што чуткі пра «аўтобусы з Нямеччыны, якія забяруць мігрантаў 15 лістапада» – гэта фэйк. Падобныя паведамленні агучваюць праз гукаўзмацняльнікі проста на мяжы.

Hавiны
Польскія памежнікі рыхтуюцца да правакацыі з боку мігрантаў. На мяжы заўважылі актыўнасць
2021.11.14 15:03

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў