Ірак анансаваў эвакуацыю з Беларусі першых 571 чалавек 18 лістапада

Вывозяць тых, хто сам хоча вярнуцца на радзіму. Агулам на беларускіх межах могуць быць некалькі тысяч іракцаў, але дакладная колькасць мігрантаў, як і іх грамадзянства, невядомыя.

Самалёт «Iraqi Airways». Фота: cbsnews.com

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Іраку Ахмад ас-Сахаф анансаваў у размове з Нацыянальным інфармацыйным агенцтвам Іраку першы эвакуацыйны авіярэйс для грамадзянаў Іраку, якія застаюцца на беларускіх межах.

Міністэрства атрымала звесткі аб 571 чалавеку, якія самі захацелі вярнуцца на радзіму. Эвакуацыйны рэйс запланавалі на 18 лістапада.

Далёка не ўсе грамадзяне Іраку хочуць вяртацца на радзіму. Некаторыя выкідалі або рвалі пашпарты, хтосьці нават рабіў гэта дэманстратыўна. Агулам на беларускіх межах тысячы мігрантаў, большасць з якіх – этнічныя курды. Але дакладная колькасць мігрантаў невядомая, як невядомае і іхнае грамадзянства.

Ды й гэта не першы эвакуацыйны рэйс Іраку: у жніўні вывезлі з Беларусі тры сотні іракцаў.

Пекла ў нафтавым раі: чым іракцаў прывабіў беларускі маршрут?

Акрамя таго, МЗС Іраку заявіла, што адсочвае гуманітарную сітуацыю на беларуска-польскай мяжы, кантактавала з калегамі з Еўразвязу, вядзе расследаванне міграцыйнага крызісу і перамовы з трэцімі краінамі, праз якія іракцы дабіраюцца да Беларусі.

Прадстаўнік МЗС таксама згадаў сярод захадаў скасаванне іншых палётаў з Іраку ў Беларусь – пакуль лётаць будуць толькі дзеля эвакуацыі. Вазіць у Беларусь іракцаў ужо адмовіліся «Turkish Airlines» і (прынамсі, на словах) «Белавія».

Крыніца: Нелегальныя мігранты з Іраку ляцяць у Беларусь праз Дубай

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны