«Ім няма куды вяртацца». Курд расказаў, чаму ягоны брат наважыўся на падарожжа ў Беларусь і «штурм» мяжы


Некалькі тысяч мігрантаў сабралі імправізаваны лагер у ваколіцах памежнай зоны і скіраваліся на памежны пераход «Брузгі – Кузніца». Некалькі дзён таму ў асяроддзі мігрантаў распаўсюдзілі чуткі, што Нямеччына гатовая іх прыняць і адправіла ў Польшчу аўтобусы. Нібыта «эвакуацыя» планавалася на 15 лістапада. Корак Мухамад, брат іракскага курда Кавіна, які апошнія 8 дзён начаваў на мяжы з Польшчай у надзеі трапіць у Нямеччыну, расказаў «Белсату», чаму ягоны сямейнік адважыўся на небяспечнае падарожжа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бежанцы на памежным пераходзе Кузніца-Брузгі на польска-беларускай мяжы, як відаць з Беларусі. 15 лістапада 2021 года.
Фота: Аксана Манчук / БЕЛТА / TASS / Forum

Кавіну – 25 гадоў, ён кіроўца грузавіка і вялікіх аўтамабіляў. Малады мужчына рушыў у падарожжа з Іраку разам з жонкай і маленькімі дзецьмі. Брат Кавіна, Корак Мухамад, не хоча казаць, дзе той атрымліваў візу і як ляцеў да Менску, але адзначае, што родзіч пагадзіўся на гэты шлях, бо толькі Беларусь выдае візы грамадзянам Іраку. Іншай дарогі ў Еўропу не было.

«Ён хоча добра жыць у Еўропе, бо ў Іраку цяжкая эканамічная сітуацыя, міжканфесійная варожасць, небяспечная ўзброеныя групоўкі. Тут няма ані жыцця ані бяспекі. Вы [Корак мае на ўвазе Еўразвяз. – Рэд. belsat.eu] праніклі ў нашу краіну, скралі нашу нафту і ўсю маёмасць нашай краіны і не дазваляеце нам уехаць у вашую краіну, каб мы маглі жыць у камфорце без страху».

Корак сцвярджае, што грошы на паездку па лепшае жыццё сям’я атрымала ад продажу зямельнага надзелу, які застаўся ад бацькоў. За зямлю яны атрымалі 10 тысяч долараў, але грошай хапіла толькі на малодшага брата, таму Корак спадзяецца, што калі Кавін уладкуецца ў Нямеччыне, дапаможа выехаць і яму.

Беларусь Корак называе небяспечнай краінай, бо атрымліваў шмат інфармацыі ад брата ды іншых мігрантаў пра здзекі і грубае абыходжанне.

«У беларускіх уладаў канфлікт з усімі еўрапейскімі краінамі. Беларускія жаўнеры нападаюць на мігрантаў, збіваюць, нацкоўваюць сабакаў, абкрадаюць, выкарыстоўваюць іншыя брудныя метады, каб давесці да канфлікту. Беларусі мы не патрэбныя».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бежанцы на памежным пераходзе Кузніца-Брузгі на польска-беларускай мяжы, як відаць з Беларусі. 15 лістапада 2021 года.
Фота: Леанід Шчаглоў / БЕЛТА / TASS / Forum

Корак кажа, што ягоны брат ды іншыя мігранты, якія застаюцца ў лесе, не ўсведамлялі, што беларускія ўлады іх выкарыстоўваюць.

«Іх падманулі, і калі б яны ведалі гэта, то не ставілі б сябе ў такую небяспеку. Брат расказаў, што на ягоных вачах памерла дзіця. Ці ёсць чалавек, які любіць голад і холад, адсутнасць ложка і сухога месца? Яны трапілі ў пастку, у іх няма рашэння, бо ў Беларусь вярнуцца не дазваляюць, у Польшчу не пускаюць. І вярнуцца ў Ірак не могуць, бо ім няма куды вяртацца – яны прадалі ўсю маёмасць, выдаткавалі ўсе ашчаджэнні».

Мужчына не бярэцца прагназаваць наступныя крокі свайго брата, бо той у адчаі.

«Ніхто не ведае, як складзецца іх лёс. Вядома, Беларусь нікому з іх не дапаможа, нават калі ён памрэ».

Інтэрв’ю
«Гэта гандаль людзьмі». Шчырая размова з іракскім курдам
2021.11.10 11:00

Цяпер Корак чакае, ці Нямеччына выканае абяцанне і забярэ ягонага брата ды іншых мігрантаў з мяжы. Мужчына не верыць, што інфармацыя, якая трапіла ў мігранцкія чаты пра аўтобусы, што маюць забраць людзей, – фэйк.

«Для нас гэта нармальная практыка, бо Ірак прыняў мільёны сірыйскіх мігрантаў, таму прыняць некалькі тысяч для Нямеччыны – не праблема. Мы смяемся з гэтага».

Курд спадзяецца, што хутка ягоны брат з сям’ёй зможа бяспечна есці хлеб у адной з еўрапейскіх краінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бежанцы на памежным пераходзе Кузніца-Брузгі на польска-беларускай мяжы, як відаць з Беларусі. 15 лістапада 2021 года.
Фота: Леанід Шчаглоў / БЕЛТА / TASS / Forum

Сёння польская паліцыя налічыла ў Брузгах 3500 мігрантаў. Спробаў штурму польскай мяжы пакуль не было, мігранты паставілі намёты з беларускага боку і распалілі вогнішчы.

  • Еўразвяз сёлета фіксуе найбуйнейшую ў гісторыі плынь нерэгулярнай міграцыі праз тэрыторыю Беларусі. Крызіс распачаўся ў канцы траўня пасля скандалу з пасадкай самалёта Ryanair. Паводле ініцыятывы ByPol, аперацыя беларускіх спецслужбаў для стварэння каналу незаконнай міграцыі атрымала назву «Шлюз».
  • Чуткі пра аўтобусы з Нямеччыны з’явіліся некалькі дзён таму. У прадчуванні правакацыяў Польшча рассылала мігрантам SMS пра тое, што «аўтобусы з Нямеччыны, якія забяруць мігрантаў 15 лістапада» – гэта фэйк. Падобныя паведамленні агучвалі праз гукаўзмацняльнікі на мяжы.
  • Ірак анансаваў эвакуацыю з Беларусі першых 571 чалавек 18 лістапада, але далёка не ўсе хочуць вяртацца на радзіму. Агулам на беларускіх межах тысячы мігрантаў, большасць з якіх – этнічныя курды. Але дакладная колькасць мігрантаў невядомая, як невядомае і іхнае грамадзянства.
Аналітыка
Што трэба ведаць пра беларускі канал нерэгулярнай міграцыі
2021.10.27 16:55
Hавiны
Паралелі з палітвязнямі. Як беларусам не перасварыцца, дапамагаючы мігрантам?
2021.11.15 12:59

ДР belsat.eu

Стужка навінаў