Галоўнае за дзень. Мігранты падышлі да КПП «Брузгі» і год ад затрымання журналістак «Белсату»

«Белсат» падводзіць вынікі панядзелка, 14 лістапада.

Роўна год знаходзяцца за кратамі нашыя каляжанкі Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева

Суда над журналісткамі Белсату. 18 лютага 2021 году. Фота: Белсат

Год таму, 15 лістапада 2020 году, нашыя каляжанкі Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева вялі стрым з нядзельнай акцыі каля мемарыялу Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў у Менску. За іх прафесійную працу журналістак затрымалі і абвінавацілі ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. У лютым гэтага году іх асудзілі на два гады калоніі.

«Я адгаворвала дачку ад журналістыкі, баялася, а цяпер ганаруся». Размова з маці Дар’і Чульцовай

«Яна разумела кошт свайго выбару і ні пра што не шкадуе». Журналістка Кацярына Андрэева год як за кратамі

Журналістку Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку асудзілі другі раз запар

У судзе Першамайскага раёну Менску 15 лістапада адбылося другое судовае паседжанне над журналісткай Ірынай Слаўнікавай і яе мужам Аляксандрам Лойка. Уначы на 14 лістапада скончыўся іх 15-дзённы арышт, пасля якога сужэнцаў перазатрымалі.

Гэтым разам Ірыну і Аляксандра абвінавацілі ў дробным хуліганстве паводле арт. 19.1 КаАП.

Ірына Слаўнікава і Аляксандр Лойка. Фота: Аляксандр Лойка / Facebook

На судзе Аляксандр распавёў, што ў дзень, калі сужэнцаў павінны былі выпусціць, каля 11-й гадзіны па іх прыехалі два супрацоўнікі, вывезлі з ЦІП на Акрэсціна і завезлі ў РУУС. Там супрацоўнік склаў на іх новыя пратакол паводле арт. 19.1 КаАП. Пасля чаго Аляксандра і Ірыну павезлі назад у ІЧУ.

У выніку суддзя Максім Трусевіч прызнаў Аляксандра і Ірыну вінаватымі і пакараў кожнага з іх яшчэ 15 соднямі арышту.

У гомельскай жаночай калоніі працягваюць ціснуць на Паліну Шарэнда-Панасюк

Затрыманы Павел Белавус, стваральнік і былы ўладальнік крамы symbal.by

Павел Белавус. Фота: ІА / Belsat.eu

Паўла Белавуса затрымалі пасля таго, як ён прыйшоў па выкліку ў міліцыю сёння аб 11-й гадзіне. З міліцыі Павел не вярнуўся дадому.

Вядома, што яго павязлі на Акрэсціна. Прычыны, з якіх затрымалі Паўла, пакуль не вядомыя. У яго двое маленькіх дзяцей.

Ужо больш за 100 асуджаных у «карагоднай справе»

Да прапускнога пункта «Брузгі» падышло некалькі тысяч мігрантаў

З раніцы 15 лістапада беларускія сілавікі перавялі мігрантаў з іх намётавага лагера каля польскай мяжы, у якім яны жылі тыдзень, наўпрост на беларускі прапускны пункт «Брузгі».

Польскія памежнікі налічылі 3,5 тысячы мігрантаў на мяжы з Беларуссю.

Польскія памежнікі і мігранты на пункце пропуску «Брузгі». 15 лістапада 2021 года. Фота: podlaskaPolice / Twitter

Каля 16 гадзін яны пачалі ставіць намёты, рассцілаць спальнікі і ўтварылі новы намётавы лагер.

З польскага боку мяжы сабраліся паліцыянты і вайскоўцы, пад’ехалі вадамёты. Мяжу патрулюе верталёт. Польская паліцыя паведамляе, што беларускія памежнікі сочаць за тым, каб людзі, адціснутыя імі на памежны пераход, не маглі адступіць назад. Такая магчымасць не надаецца нават тым, хто хоча вярнуцца ў Менск і паляцець у сваю краіну.

Бліжэй да вечара мігранты пачалі паліць кастры, каб сагрэцца. Тэмпература ўначы тут апусціцца да нуля.

«Ім няма куды вяртацца». Курд расказаў, чаму ягоны брат наважыўся на падарожжа ў Беларусь і «штурм» мяжы

Аляксандр Лукашэнка і Ангела Мэркель паразмаўлялі па тэлефоне наконт міграцыйнага крызісу

Сёння ўвечары, 15 лістапада, стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка і Ангела Мэркель правялі тэлефонную размову. Паведамляецца, што размова доўжылася каля 50 хвілін.

Прэс-служба Лукашэнкі паведамляе, што падчас размовы быў абмеркаваны шэраг праблем, і перш за ўсё сітуацыя з бежанцамі на беларуска-польскай, беларуска-літоўскай і беларуска-латвійскай межах.

У размове былі закрануты шляхі і перспектывы вырашэння міграцыйнай праблемы «з мэтай недапушчэння эскалацыі сітуацыі на мяжы», а таксама пытанне гуманітарнай падтрымкі бежанцаў праз аказанне ім гуманітарнай дапамогі.

Паралелі з палітвязнямі. Як беларусам не перасварыцца, дапамагаючы мігрантам?

Еўразвяз пашырыў санкцыйны рэжым супраць Лукашэнкі

Рашэння пра тое, супраць каго менавіта будуць скіраваныя санкцыі, пакуль няма. Аднак ёсць рашэнне аб пашырэнні крытэраў для ўнясення ў санкцыйны спіс.

15 лістапада Рада Еўразвязу змяніла санкцыйны падыход у дачыненні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, «каб мець магчымасць рэагаваць на інструменталізацыю людзей, якая праводзіцца беларускім рэжымам у палітычных мэтах». Гэтае рашэнне не ўводзіць санкцыі супраць канкрэтных фізічных і юрыдычных асобаў, а толькі пашырае крытэры ўнясення ў санкцыйны спіс. Гэта значыць, цяпер Еўразвяз мае легальныя падставы караць за стварэнне міграцыйнага крызісу.

Еўрадэпутат пра супрацьдзеянне Лукашэнку: «Усё гучней ідуць размовы пра тое, каб ён быў прыцягнуты да трыбуналу»

Ужо 862. Палітвязнямі прызналі яшчэ 19 чалавек

Пяць беларускіх праваабарончых установаў прынялі супольную заяву аб прызнанні 19 чалавек палітычнымі зняволенымі. Заяву апублікаваў праваабарончы цэнтр «Вясна».

Суд над чатырма анархістамі за «тэрарызм» зрабілі закрытым

Менскі абласны суд 15 лістапада пачаў разглядаць крымінальную справу супраць анархістаў Дзмітрыя Дубоўскага, Ігара Аліневіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Разановіча.

Менскі абласны суд 15 лістапада пачаў разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да анархістаў Дзмітрыя Дубоўскага, Ігара Аліневіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Разановіча. Менскі абласны суд, Беларусь. 15 лістапада 2021 года. Фота: чытач Белсату

Суддзя Вячаслаў Тулейка пастанавіў зрабіць працэс закрытым, у залу пусцілі толькі блізкіх родзічаў і прадстаўнікоў расейскіх медыяў.

Чатырох вінавацяць у «акце тэрарызму» (ч. 2 арт. 289 КК РБ) і «незаконным абароце зброі» (ч. 2 і ч. 4 арт.295 КК РБ), Аліневіча і Дубоўскага таксама ў «незаконным перамяшчэнні праз мяжу забароненых рэчываў» (ч. 1 арт. 333-1 КК РБ).

Справу Эдуарда Пальчыса перадалі ў суд

І тут знізу пагрукалі. Зборная Беларусі абнаўляе антырэкорды

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны